In English:
Situation report on military activity on the territory of Belarus for March 20 by Hajun
На русском языке:
Оперативная сводка от Гаюна за 20 марта о военной активности на территории Беларуси
Праект Гаюн апублікаваў аператыўную зводку аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі на 07:00 21 сакавіка.
Працягваецца перамяшчэнне калон ваеннай тэхнікі УС РФ па тэрыторыі Беларусі (тут, тут і тут). Таксама фіксаваліся перамяшчэнні палівазапраўшчыкаў (тут і тут).
Ажыццяўляецца пераброска ваеннай тэхнікі па чыгунцы. Так, на чыгуначнай станцыі Ельск (Гомельская вобласць) была заўважана разгрузка эшалона з цяжкай ваеннай тэхнікай. Ёсць інфармацыя, што каля аграгарадкоў Засінцы і Падгалле (Ельскі раён; 50 км ад горада Ельска; 1 км — да мяжы з Украінай) размешчана бранятэхніка, якая прыбыла на чыгуначную станцыю ў Ельску.
Найбольшая лётная актыўнасць самалётаў была зафіксавана на ваенным аэрадроме ў Баранавічах (тут). Нязначная актыўнасць таксама назіралася на ваенных аэрадромах у Лідзе (тут) і Лунінцы (тут). Таксама ў небе паміж гарадамі Жлобін і Светлагорск (Гомельская вобласць) быў заўважаны самалёт радыёэлектроннай барацьбы Іл-22ПП ПКС РФ. Адзначым, што Міністэрства абароны РФ прадаставіла доказы выкарыстання аэрапорта «Гомель» для нанясення ўдараў па Украіне. Аэрапорт з’яўляецца грамадзянскім.
Таксама было зафіксавана прымяненне ПКС РФ авіяцыйных ракетных комплексаў.
Храналогія падзей:
- у 15:00 каля горада Калінкавічы былі заўважаныя 4 незвычайныя сляды ў небе.
- У 17:10 быў зафіксаваны запуск знішчальнікамі ПКС РФ з тэрыторыі Калінкавіцкага раёна не менш за 2 ракеты ў бок Украіны. Варта звярнуць увагу на тое, што ракеты мянялі траекторыю палёту. Паведамлялася, што пасля запускаў ракет быў чутны моцны гук падобны да выбуху. Яго чулі ў Мазыры, Калінкавічах і нават Ельску, дзе ў шматлікіх машын ад грукату спрацавала сігналізацыя. Быў атрыманы фотаздымак непасрэдна запуску ракеты. На фота можна адрозніць 2 сляды: ад знішчальніка (менавіта ён мяняў траекторыю), і ад палёту ракеты. Адназначна сказаць, якая ракетная зброя была ўжыта, нельга. Верагодней за ўсё, гэта або стратэгічная крылатая ракета Х-55 (РКВ-500) або гіпергукавы авіяцыйны ракетны комплекс «Кінжал». Адзначым, што запускі ракет ажыццяўляліся самалётамі ПКС РФ, якія знаходзіліся ў паветранай прасторы Беларусі.
Адзначалася нязначнае перамяшчэнне тэхнікі УС РБ. Так, недалёка ад горада Слуцк (Мінская вобласць) было заўважана больш за 40 цягачоў на беларускіх і расійскіх нумарах. Са Слуцка калона накіравалася ў бок Бабруйска. Таксама 19 сакавіка мы адзначалі актыўныя перамяшчэнні падраздзяленняў УС РБ.
Перамяшчэнні падраздзяленняў УС РБ, 19 сакавіка / motolko.help
Таксама была атрымана новая інфармацыя аб выкарыстанні інтэрната прафесійнага ліцэя (размешчаны па адрасе: г. Мазыр, вул. Катоўскага, 48) для патрэб УС РФ. Так, быў заўважаны выезд з тэрыторыі інтэрната калоны (у т.л. санітарных аўтобусаў «ПАЗ», грузавікоў «Урал» і «КамАЗ»). Таксама каля інтэрната быў заўважаны мабільны пункт кіравання «Сувязны» на базе аўтамабіля КамАЗ. Раней паведамлялася, што ў інтэрнаце могуць размяшчацца вайскоўцы УС РФ.
Недалёка ад пераправы на р. Прыпяць (каля горада Петрыкаў) былі заўважаны танкі Т-72, а таксама браняваная рамонтна-эвакуацыйная машына БРЭМ-1. Прыналежнасць тэхнікі УС РБ ці УС РФ дакладна не вядомая.
Калі вам вядомая дадатковая інфармацыя аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі ў @HajunBYbot або праз форму для зваротнай сувязі ніжэй.