In English:
Situation report on military activity on the territory of Belarus for March 21 by Hajun
На русском языке:
Оперативная сводка от Гаюна за 21 марта о военной активности на территории Беларуси
Праект Гаюн апублікаваў аператыўную зводку аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі на 07:00 22 сакавіка.
Працягваецца перамяшчэнне калон ваеннай тэхнікі УС РФ па тэрыторыі Беларусі (тут, тут, тут і тут). Колькасць машын у калонах дасягае 15 адзінак. Таксама фіксаваліся перамяшчэнні калон палівазапраўшчыкаў (тут) і перавозка боепрыпасаў па чыгунцы. На аўтамабільнай тэхніцы выкарыстоўваецца апазнавальны знак V.
Найбольшая лётная актыўнасць самалётаў была зафіксавана на ваенным аэрадроме ў Баранавічах. Нязначная актыўнасць таксама назіралася на ваенных аэрадромах у Мачулішчах і Лунінцы. Таксама паведамлялася аб вылеце з аэрапорта «Гомель» БПЛА (без навяснога абсталявання). Адзначым, што з ваеннага аэрадрома ў Лідзе (Гродзенская вобласць) не ажыццяўляюць вылеты самалёты ПКС РФ. 18 сакавіка мы паведамлялі, што вылеты з аэрадрома спыніліся з-за перамяшчэння самалётаў на аэрадром у Лунінцы (знаходзіцца за 50 км ад мяжы з Украінай).
Па-ранейшаму працягваецца нанясенне ўдараў па тэрыторыі Украіны тактычнымі ракетнымі комплексамі. Так, было зафіксавана каля 7 пускаў ракет з тэрыторыі Мазырскага раёна, і 1 — Лунінецкага.
Таксама працягваецца прымяненне ВКС РФ авіяцыйных ракетных комплексаў. Вядома, што пасля правядзення пускаў ракет з тэрыторыі Мазырскага раёна грукат быў чутны ў гарадах Мазыр, Ельск і Хойнікі. З-за моцнага хлапка падчас запуску ў некаторых аўтамабіляў у Мазыры таксама спрацавала сігналізацыя. Момант запуску ракеты быў адлюстраваны на відэа. Таксама было ўстаноўлена прыблізнае накіраванне пускаў ракет. Адзначым, што запускі ракет ажыццяўляліся самалётамі ПКС РФ, якія знаходзіліся ў паветранай прасторы Беларусі.
З’явілася інфармацыя аб месцах захоўвання целаў загінуўшых вайскоўцаў УС РФ у горадзе Гомель. Так, у якасці часовага морга выкарыстоўваецца ангар на тэрыторыі РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Целы дастаўляюцца верталётамі на ваенны аэрадром у Зябраўцы, дзе перагружаецца на грузавыя аўтамабілі. У далейшым целы дастаўляюць у Расію самалётамі праз аэрапорт «Гомель».
Адзначалася нязначнае перамяшчэнне тэхнікі УС РБ. Так, напрыклад, калоны заўважалі ў працоўным пасёлку Рэчыца (7 км ад мяжы з Украінай), а таксама на МКАД.
Таксама ўчора паступала вялікая колькасць інфармацыі аб калонах УС РБ, якія накіроўваліся ў бок Брэста (тут, тут, тут, тут і тут). У публікацыях адлюстравана вяртанне асобных падраздзяленняў 38 дэсантна-штурмавой брыгады ў пункт пастаяннай дыслакацыі, якія выконвалі задачы па ўзмацненні аховы дзяржаўнай мяжы Беларусі. Падрабязней можна паглядзець тут.
Калі вам вядомая дадатковая інфармацыя аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі ў @HajunBYbot або праз форму для зваротнай сувязі ніжэй