In English:
Situation report on military activity on the territory of Belarus for March 26 by Hajun
На русском языке:
Оперативная сводка от Гаюна за 26 марта о военной активности на территории Беларуси
Праект Гаюн апублікаваў аператыўную зводку аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі на 07:00 27 сакавіка.
Працягваецца інтэнсіўнае перамяшчэнне калон ваеннай тэхнікі УС РФ па тэрыторыі Беларусі (1, 2, 3, 4, 5, 6, 7 і інш.). Таксама была заўважана калона, якая складаецца з больш за 40 аўтамабіляў (тут і тут). Пераважна гэта канвоі забеспячэння, якія складаюцца з грузавых аўтамабіляў «КамАЗ» і «Урал». Увечары гэтага ж дня калона вярнулася з Хойнікаў у раён аг. Каменка. Характэрна, што на некаторых машынах былі заўважаны кулявыя адтуліны.
Фіксуецца таксама перамяшчэнне калон палівазапраўшчыкаў ВС РФ (тут, тут і тут). У калонах было заўважана не менш як 16 машын. На ўсёй тэхніцы выкарыстоўваецца апазнавальны знак «V».
Таксама фіксаваліся перамяшчэнні калон баявой тэхнікі. У складзе калоны былі заўважаны сродкі СПА (6 адзінак ЗРК «Тор-М2» і 2 батарэйных КП 9С737 «Ранжыр»).
Паступала інфармацыя аб спробах хаваць перамяшчэнні калон УС РФ. Інфармацыя носіць прамежкавы характар і патрабуе далейшага ўдакладнення.
Працягвае фіксавацца дастаўка параненых вайскоўцаў УС РФ ва ўстановы аховы здароўя Беларусі, а таксама ў аэрапорт «Гомель». Так, санітарны транспарт быў заўважаны ў Гомелі, а таксама ў напрамку да горада Мазыр. Раней паведамлялася, што праз аэрапорт «Гомель» ажыццяўляецца вываз цел загінуўшых вайскоўцаў УС РФ у Расію.
Паступала інфармацыя, што ў Гомельскай вобласці адбываецца нарошчванне колькасці ваенных эшалонаў, якія прыбываюць з Расіі. Перамяшчэнне эшалонаў ажыццяўляецца пераважна ў цёмны час сутак.
Лётная актыўнасць самалётаў была зафіксавана толькі на ваенным аэрадроме ў Баранавічах (напрыклад, тут). Можна адзначыць нізкую актыўнасць у параўнанні з іншымі днямі.
Працягваецца нанясенне ўдараў па тэрыторыі Украіны тактычнымі ракетнымі комплексамі. Так, было зафіксавана каля 2 пускаў ракет з тэрыторыі Мазырскага раёна.
Фіксаваліся нязначныя перамяшчэнні падраздзяленняў войскаў сувязі УС РБ (тут, тут і тут). Указаныя перамяшчэнні звязаныя з вучэннямі войскаў сувязі, якія анансаваліся Міністэрствам абароны Беларусі.
Калі вам вядомая дадатковая інфармацыя аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі ў @HajunBYbot або праз форму для зваротнай сувязі ніжэй