Аператыўная зводка ад Гаюна за 9 красавіка аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі

Ілюстратыўнае фота / Міністэрства Абароны РБ
8 хв.

In English: Situation report on military activity on the territory of Belarus for April 9 by Hajun Project
На русском языке: Оперативная сводка от Гаюна за 9 апреля о военной активности на территории Беларуси

Беларускі Гаюн апублікаваў аператыўную зводку аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі на 22:00 9 красавіка.

Працягваецца перамяшчэнне калон УС РФ па тэрыторыі Беларусі (1, 2, 3, 4, 5, 6). Калоны пераважна складаюцца з грузавікоў Урал і КАМАЗ. Таксама сустракаюцца бензазапраўшчыкі, аўтобусы ПАЗ, тралы, краны, бронеаўтамабілі і пазадарожнікі розных мадыфікацый. Адзначым, што для перавозкі расиійскай вайсковай тэхнікі выкарыстоўваюцца тралы УС РБ.

Можна вылучыць наступныя маршруты руху калон:

  • Рэчыца-Гомель,
  • МКАД, Хойнікі-Рэчыца,
  • Гомель-Новая Гута,
  • Мінск-Гомель,
  • Брэст-Мінск,
  • Гомель-Калінкавічы,
  • Мазыр-Нароўля (Ельск),
  • Мазыр-Лельчыцы.

Таксама асобную тэхніку заўважалі ў Асіповічах, Хойніках і Калінкавічах. Такім чынам, перамяшчэнні ваеннай тэхнікі захоўваюцца пераважна ў паўднёваўсходніх раёнах Гомельскай вобласці.

Фіксавалася перамяшчэнне, а таксама перавозка баявой тэхнікі УС РФ. Так, каля вёскі Ямполь (Рэчыцкі раён) было заўважана 10 тралаў, частка з якіх везла танкі. У полі непадалёк стаяла больш за 30 адзінак гусенічнай тэхнікі. Па маршруце Калінкавічы-Гомель былі заўважаныя тралы, якія перавозяць ЗСУ-23-4 «Шылка», а таксама танкі. Каля вёскі Хазянінкі (Пухавіцкі раён) былі заўважаны СЗРПК «Панцыр». Пазней гэтая ж калона была заўважана каля пасёлка Жытоўля (Гомельскі раён). На ўездзе ў Хойнікі заўважаныя 25 тралаў з танкамі. На ваенны аэрадром «Зяброўка» (Гомельскі раён) працягваюць прывозіць танкі як УС РФ, так і УС РБ. Па маршруце Нароўля-Мазыр рухалася калона, сярод тэхнікі — 6 ЗРК «Бук» і ЗРК «Тор-М2» (без ракет). Па маршруце Хойнікі-Брагін на трале перавозілі РЛС 9С15М.

Адзначалася лётная актыўнасць на ваенных аэрадромах Беларусі. Так, у Баранавічах і Лідзе зафіксавана па 1 вылеце адпаведна. Верагодней за ўсё, вылеты былі вучэбнымі, і здзяйсняліся ВПС Беларусі. У Мачулішчах быў зафіксаваны вылет 5 самалётаў (з іх 2 — транспартныя Іл-76) і некалькіх верталётаў Мі-26 ВКС РФ. Таксама была зафіксаваная пасадка пасажырскага Ту-154 (з Белгарада), 2 транспартныя Іл-76, 2 Ан-12 (з Бутурлінаўкі, Варонежская вобл. РФ).

Фіксавалася інтэнсіўнае перамяшчэнне тэхнікі УС РФ чыгуначным транспартам. Так, на чыгуначнай станцыі Рэчыца быў заўважаны эшалон з ваеннай тэхнікай. На чыгуначнай станцыі Козенкі (Мазырскі раён) адбывалася разгрузка боепрыпасаў. На чыгуначнай станцыі Калодзішчы працягваецца ваенная актыўнасць: каля станцыі ўстаноўлена палатка і радыёстанцыя; заўважаны грузавікі.

Ад чыгуначнай станцыі Гомель-Паўночны ва ўсходнім напрамку выехаў эшалон з ваеннай тэхнікай і пасажырскімі вагонамі расйіскай чыгункі. З чыгуначнай станцыі Гомель-Няцотны прайшоў састаў з ваеннай тэхнікай. На платформах знаходзіліся 3 бензазапраўшчыкі, 6 122 мм РСЗА «Град», 10 БТР, 12 Уралаў. Таксама са станцыі адпраўляўся яшчэ адзін эшалон, на платформах — Уралы, бензазапраўшчыкі, танкі, транспарцёр ПТС-2 і САУ.

Эшалон з ваеннай тэхнікай быў заўважаны і ў Оршы (Віцебская вобласць), які рухаўся на поўнач (у РФ). Па маршруце Калінкавічы-Гомель рухаўся эшалон з ваеннай тэхнікай, на платформах — Уралы, КАМАЗы, машыны кіравання падраздзяленнямі СПА «Паляна-4ДМ», РЛС П-18 «Церак», БТРы. Эшалон з тэхнікай быў заўважаны і на чыгуначнай станцыі Ельск. З чыгуначнай станцыі Ліда выязджаў састаў з 26 вагонаў (20 паўвагонаў з выбуховымі матэрыяламі), пункт прызначэння — чыгуначная станцыя Смаленск-Сартавальны.

Адзначалася пагрузка ваеннай тэхнікі на чыгуначных станцыях: Бабруйск, Асіповічы (тут і тут), Рэчыца (увечары паведамлялася, што амаль уся тэхніка пагружана на платформы) і Азярышча (Мінск).

Адзначаліся сама меней 2 запускі ракет з тэрыторыі Мазырскага раёна. Таксама ўдалося высветліць пункт пуску ракеты вечарам 8 красавіка. Ёй аказаўся аэрадром у Зябраўцы. Было апублікавана відэа пуску ракеты з тэрыторыі Добрушскага раёна. Адзначым, што пускі ракеты не фіксаваліся з 3 да 8 красавіка. Раней ракетныя ўдары пераважна наносіліся з тэрыторыі Хойніцкага, Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў.

Стала вядома, што медыкі УС РФ пакінулі РНПЦ радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі і павезлі з сабой усіх параненых салдат. Акрамя таго, санітарныя аўтобусы ПАЗ УС РФ больш не заўважаюцца ў Хойніках і Мазыры; з Мазыра апошняя калона аўтобусаў з’ехала ўвечар 5 красавіка. Таксама УС РФ пакінулі палявы лагер каля аграгарадка Вялікія Зімавішчы (Мазырскі раён).

Адзначаліся нязначныя перамяшчэнні тэхнікі УС РБ. Так, у Брэсце была заўважана калона Уралаў, МАЗаў і УАЗаў УС РБ.

Калі вам вядомая дадатковая інфармацыя аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі ў @HajunBYbot або праз форму для зваротнай сувязі ніжэй

Гэтае поле абавязкова для запаўнення
Папярэдні матэрыял
Аператыўная зводка ад Гаюна за 8 красавіка аб ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі
Наступны матэрыял
У Зембіне абрынуліся руіны касцёла 1809 года пабудовы

Iншыя матэрыялы