Белавія не будзе перавозіць грамадзян Афганістана, Ірака, Йемена і Сірыі на рэйсах з Дубая ў Мінск

Фота: Belavia
2 хв.

In English: Belavia won’t transport citizens of Afghanistan, Iraq, Yemen and Syria on flights from Dubai to Minsk.
На русском языке: Белавиа не будет перевозить граждан Афганистана, Ирака, Йемена и Сирии на рейсах из Дубая в Минск.

З 14 лістапада грамадзяне Афганістана, Ірака, Йемена, Сірыі не прымаюцца да перавозкі на рэйсах Belavia з Дубая ў Беларусь. На сайце авіякампаніі паведамляецца, што гэтае рашэнне прынята кампетэнтнымі органамі ААЭ. Пасажыры, якія трапляюць пад дзеянне гэтай забароны, змогуць вярнуць поўны кошт авіябілетаў.

Нагадаем, 12 лістапада аналагічную забарону ўвяло Галоўнае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі ў Турцыі. З гэтым, апроч Belavia, вымушаныя былі лічыцца Turkish Airlines і авіякампанія Emirates Airline.

А 13 лістапада сірыйская авіякампанія Cham Wings адмяніла ўсе рэгулярныя рэйсы з Дамаска ў Мінск, на якіх з 10 верасня мігранты траплялі да мяжы ЕС. Раней гэтая авіякампанія была заўважана ў перавозцы зброі і баевікоў ПВК «Вагнер».

Тым часам на беларуска-польскай мяжы ўжо тыдзень знаходзіцца больш за тысячу мігрантаў з Блізкага Усходу. Яны начуюць у буданах і намётах, хварэюць, вядома пра некалькі смерцяў. Да мяжы іх даставілі беларускія сілавікі і не далі легальна трапіць у Польшчу праз афіцыйны памежны пераход. З таго часу мігранты апынуліся ў пастцы: пакуль палякі не пускаюць іх на тэрыторыю Польшчы, беларускія сілавікі не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь. У ЕС лічаць, што беларускія ўлады штучна арганізавалі паток бежанцаў з Блізкага Усходу і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй.

Папярэдні матэрыял
Завершанае расследаванне па справе Эдуарда Пальчыса
Наступны матэрыял
Знялі каранцін у турме, дзе ўтрымліваюцца затрыманыя па «справе Зельцэра»

Iншыя матэрыялы