In English:
Belsat published a video from “partisans”, but it’s fake. Who benefits from it?
На русском языке:
Белсат опубликовал видео от «партизан», но это фейк. И кому это выгодно?
Учора тэлеканал Белсат апублікаваў відэа, якое, як заяўлялася, зняў гурт «беларускіх партызан у раёне Асіповічаў». Пазней відэа было выдаленае, але яго пачалі рассылаць і іншым СМІ.
У паведамленнях указвалася, што гэта нібыта дыверсія супраць ПВК «Вагнер» у Асіповіцкім раёне, арганізаваная «беларускай радыкальнай групай «Узяў».
На відэа дэманструецца праход беларускага пасажырскага дызель-цягніка ДР1А, мужчына, які разгортвае беларускі нацыянальны сцяг, і ўсталяваны на рэйках «башмак» – самаробная прылада для сходу з рэек цягнікоў, якую нібыта заклалі на шляху наймітаў.
Але ў гэтага відэа ёсць цэлы шэраг нестыковак, якія паказваюць на тое, што гэта правакацыя, і знялі яго ніякія не партызаны, але давайце па парадку.
1. Калі гэта чыгуначная дыверсія супраць наймітаў ПВК «Вагнер», то нагадаем, што большасць з іх прыбыла ў Беларусь аўтатранспартам, а спецыяльных цягнікоў, як у выпадку з тымі ж вайскоўцамі РФ, не было. Тады супраць каго дыверсія?
2. Заяўляецца, што відэа знята ў Асіповіцкім раёне. Але яно знята ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці – на відэа падʼезд да чыгуначнай станцыі «Лунінец».
3. У раёне, дзе знята гэта відэа, ні разу не былі заўважаны найміты Вагнера. Праверце самі на нашай інтэрактыўнай мапе.
Такім чынам, перад намі відавочная пастаноўка, якая ўводзіць у зман гледача і ўяўляе патэнцыйную пагрозу ўсім, хто адгукнецца і паспрабуе выйсці на сувязь з распаўсюджвальнікамі роліка.
Галоўнае пытанне: хто і з якой мэтай распаўсюджвае мэтанакіраваныя ўкідванні? Заўважце, на відэа нам паказваюць чалавека ў кепцы, балаклаве і спартовых штанах. У Беларусі ў такім выглядзе звычайна зʼяўляюцца ціхары. Не робім адназначных высноваў, але ўсё паказвае на тое, што гэта ўкід якога-небудзь КДБ ці ГУБАЗіКу.
Гэта далёка не першая такая правакацыя сілавікоў. Напрыклад, у красавіку 2022 года зʼявілаўся зварот ад нібыта «брыгады Касцюшкі», якая ваюе на баку УСУ. На відэа, знятым у лесе пад Мінскам, прысутнічаюць людзі ў балаклавах, якія абражалі беларускіх добраахвотнікаў і заклікалі далучацца менавіта да «брыгады Касцюшкі». Для верыфікацыі трэба было зрабіць фота на цэнтральных вуліцах Мінска, нашпігаваных камерамі, дзякуючы чаму патэнцыйнага добраахвотніка лёгка можна было б вылічыць і арыштаваць.
P.s. Заўсёды правярайце інфармацыю ў афіцыйных крыніцах.