На русском языке:
Больше 130 000 тонн за год: Режим Лукашенко снабжает РФ боеприпасами, которые везут и в Крым, и в приграничье с Грузией
Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі апублікавала дадзеныя па вывазе боепрыпасаў з тэрыторыі Беларусі ў РФ і на часова акупаваныя тэрыторыі Украіны за год са студзеня 2022 па люты 2023 г.
З гэтых дадзеных выходзіць, што за год рэжым Лукашэнкі перадаў РФ
131582 тоны боепрыпасаў.
Цалкам з дадзенымі @belzhd_live можна азнаёміцца тут, а мы прыводзім самае галоўнае без змен.
Калі і колькі боепрыпасаў вывезлі з Беларусі?
Абʼём вывазу боепрыпасаў за 13 месяцаў (студзень 2022 – студзень 2023) склаў 131582 тоны. Такім чынам у сярэднім за месяц вывозілася ≈10 121 тона. Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Пуціна ва Украіну абʼёмы былі ў дзясяткі разоў менш, і пачалі расці адразу ж пасля 24 лютага.
Аб'ёмы вывазу боепрыпасаў з Беларусі ў РФ па месяцах / Дадзеныя: belzhd_live / Графіка: Hajun_BY
У студзені і лютым 2022 года ў РФ было вывезена 203 тоны, а ўжо ў сакавіку 2022 г. у 12,5 разоў больш – 2558 тон. А ў наступным месяцы, у красавіку 2022 года, быў дасягнуты пік па абʼёмах вывазу боепрыпасаў у РФ за ўвесь аналізаваны перыяд – 29741 тона за месяц.
Другім месяцам па абʼёмах стаў студзень 2023 года – 24 421 тона.
Менавіта адкуль вывозілі боепрыпасы з Беларусі?
Найбуйнейшыя вывазы за аналізаваны перыяд праходзілі з 9-ці чыгуначных станцый на тэрыторыі Беларусі. Больш за ўсё снарадаў вывезлі з:
- 43-га арсенала ракет і боепрыпасаў (станцыя Добруш) – 33 032 тоны
- 46-га арсенала ракет і боепрыпасаў (станцыя Бронная Гара) – 28 507 тон
- 1405-я артылерыйская база (станцыя Асіповічы-1) – 25 237 тон
Станцыі вывазу боепрыпасаў з Беларусі ў РФ / Дадзеныя: belzhd_live / Графіка: Hajun_BY
Таксама вываз адбываўся з чыгуначных станцый: Цэнтраліт (20 833 т.), Бобр (7 993 т.), Рэчыца (10 523 т.), Баранавічы-Цэнтральныя (1064 т.), Навабеліцкая (3588 т.) і Сцяпянка (805 т.).
Куды вывозілі боепрыпасы з Беларусі?
Снарады, перададзеныя рэжымам Лукашэнкі РФ вывозіліся не толькі на тэрыторыю РФ, але і наўпрост на часова акупаваныя тэрыторыі Украіны, у тым ліку Крым, а таксама ў прымежжы з Грузіяй.
Станцыі, куды была дастаўлена найбольшая колькасць наступных:
- Бранск-Льгоўскі (Бранск, Бранская вобл.) — 25 022 тоны
- Ціхенькі (Краснадарскі край) — 11 344 тоны
- Аляксееўка (Аляксееўка, Белгарадская вобл) — 10 513 тон.
Куды і колькі боепрыпасаў вывезлі з Беларусі? / Дадзеныя: belzhd_live / Графіка: Hajun_BY
Наўпрост у Крым снарады дастаўляліся на станцыі: Кіраўская (3 335 т.), Салёнае Возера (3 852 т.), Джанкой (561 т.) і Армянск (1 800 т.). Таксама варта адзначыць, што 7768 тон боепрыпасаў было дастаўлена на станцыю Лукоўскі (Маздокскі раён, Рэсп. Паўночная Асеція), якая знаходзіцца ў ≈110 км ад мяжы з Грузіяй.
Куды вывозіліся боепрыпасы са станцыі Добруш?
Як ужо было сказана вышэй, больш за ўсё боепрыпасаў было адпраўлена са станцыі Добруш (Гомельская вобласць, Беларусь), побач з якой знаходзіцца 43–й арсенал ракет і боепрыпасаў. За год з Добруша ў РФ былі адпраўленыя рэкордныя 33032 тоны.
Адтуль боепрыпасы везлі і ў Крым, і ва Уладзімірскую вобласць, і ў прыграніччы з акупаванымі Данецкам і Луганскам, і за 110 км ад Грузіі.
Куды вывозіліся боепрыпасы са станцыі Добруш? / Дадзеныя: belzhd_live / Графіка: Hajun_BY
Больш за ўсё боепрыпасаў са ст. Добруш вывезлі на ст. Палатоўка (Лівенка, Белгародская вобл), якая размешчана ў 40 км ад мяжы з Украінай.
Падрабязней пра вываз боепрыпасаў з РБ за год чытайце тут.
Прыведзеныя дадзеныя сведчаць аб маштабах уцягвання рэжыму Лукашэнкі ў вайну на баку Пуціна. Гэта яшчэ адзін доказ саўдзелу Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны, нараўне з прадастаўленнем палігонаў для навучання мабілізаваных УС РФ, ракетнымі ўдарамі з тэрыторыі Беларусі, і безумоўна, уварваннем УС РФ з тэрыторыі Беларусі ў лютым 2022 года. Лукашэнка, як і Пуцін, ваенны злачынца, і ён павінен панесці за гэта адказнасць.