На русском языке:
Больше 58 000 беларусов живут в Литве: за полгода число беларусов выросло почти на 10 000
У Дэпартаменце міграцыі Літвы расказалі колькі іншаземцаў пражывала ў Літве на 1 ліпеня 2023 года і колькі з іх беларусаў.
Паводле інфармацыі дэпартамента, усяго на 1.07.2023 у Літве пражывалі 195.550 замежнікаў. За паўгода колькасць замежнікаў у Літве вырасла больш чым на 6 000 чалавек, у студзені 2023 г. была 189 411. У міграцыі адзначаюць, што значна вырасла менавіта колькасць беларусаў, а ўкраінцаў – зменшылася.
На пачатак ліпеня 2023 года ў Літве пражывала 58 347 беларусаў – гэта на 9 543 чалавекі больш ці 19,6%, чым у студзені 2023 г., калі было 48 804 беларусы. Па дадзеных дэпартамента выходзіць, што беларусы – другая па колькасці доля замежнікаў у Літве.
«Грамадзяне Беларусі застаюцца адной з самых вялікіх груп замежнікаў, якія прыязджаюць у Літву на заробкі, саступаючы толькі ўкраінцам. На іх [беларусаў] не распаўсюджваюцца іміграцыйныя абмежаванні з-за ваеннай агрэсіі супраць Украіны, таму беларусы могуць бесперашкодна атрымаць від на жыхарства ў Літве», – сказала кіраўніца Дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайтэ.
Якія дадзеныя ёсць па іншых краінах?
Фото: Радио Свобода
У студзені 2023 г. польскае выданне Rzeczpospolita пісала, што на канец 22-га года ў сістэме польскага ўпраўлення сацстраху (ZUS) было застрахавана больш за 108 000 беларусаў, колькасць застрахаваных у ZUS і працуючых у Польшчы беларусаў за год вырасла на 52%.
Таксама дадзеныя пра колькасць беларусаў у Польшчы можна знайсці ў статыстычных справаздачах Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы. Апошні быў апублікаваны за май 2023 года.
Са справаздачы выходзіць, што са студзеня па май 2023 года беларусы, больш актыўна за іншых іншаземцаў, падавалі заявы аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы. За 5 месяцаў на абарону падаўся 1331 беларус(-ка).
У той жа справаздачы сказана, што на 31 траўня 2023 г. у Польшчы пражывалі 87 000 беларусаў, якія мелі сапраўдны дакумент на права пражывання ў гэтай краіне. Нагадаем, што ў студзені Цэнтр беларускай салідарнасці паведамляў, што на пачатак снежня 2022 г. у Польшчы пражывалі 68 684 беларусы. Гэта значыць, за паўгода колькасць беларусаў у Польшчы вырасла як мінімум на 18 316 чалавек (ці +26,6%).
Такім чынам, толькі ў Польшчы і Літве пражывае не менш за 145 347 беларусаў – гэта больш чым насельніцтва Барысава, які зʼяўляецца найбуйнейшым горадам Мінскай вобласці (пасля Мінска). Можна правесці і больш нагляднае параўнанне, 145 тыс. – гэта больш чым насельніцтва любога беларускага горада, акрамя Мінска, абласных цэнтраў, Баранавіч і Бабруйска.
Адзначым, што толькі паводле афіцыйных звестак насельніцтва Беларусі скарацілася на 200 тысяч чалавек з 2020 года.