Больш за палову беларусаў не лічаць, што краіна ўдзельнічае ў вайне: у Беларусі намячаецца тэндэнцыя на яшчэ большае зніжэнне падтрымкі вайны і Крамля

picture alliance
3 хв.

На русском языке: Больше половины беларусов не считают, что страна участвует в войне: в Беларуси намечается тенденция на ещё большее снижение поддержки войны и Кремля

«Беларуская Аналітычная Майстэрня» правяла даследаванне аб тым, што думаюць беларусы аб вайне і ўкраінцы аб беларусах. Кіраўнік БАМ, доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі расказаў, што даследаванне праводзілася ў траўні 2022 года ў фармаце тэлефоннага апытання, у ім прынялі ўдзел 1000 рэспандэнтаў. А Kyky.org сабраў галоўныя тэзы, прыводзім іх максімальна коратка.

Пытанне: У якім саюзе было б лепш жыць народу Беларусі – у ЕС або ў саюзе з Расіяй?

За саюз з Расіяй – 46%
За Еўрасаюз – 29,6%

У сакавіку сацыёлагі задавалі беларусам тое самае пытанне і тады вынікі былі такімі ж. Па словах Вардамацкага, з пачатку вайны абедзве пазіцыі застылі, крышталізаваліся, і застаюцца на тым жа ўзроўні. Але! Цікавей глядзець у дынаміцы і выходзіць, што ў 2018 годзе за РФ было каля 60 працэнтаў, а за ЕС 22-24 працэнты. Гэта значыць прарасейская арыентацыя – зніжаецца, а праеўрапейская – расце. А вось вайна не паўплывала на базавыя геапалітычныя арыентацыі беларусаў.

Як вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны?

Супраць – 85,1% рэспандэнтаў
За – 8,2%

І вось тут яшчэ адна цікавая дынаміка: да траўня, у параўнанні з сакавіком 2022 г, колькасць беларусаў, якія выступаюць за ўдзел ВС РБ у вайне, стала яшчэ меншай. У сакавіку было прыкладна 11% «за».

Як вы ставіцеся да таго, што дзейная ўлада дазволіла размясьціць расейскія войскі ў Беларусі?

Супраць – 47%
За – 41%

Зноў жа зніжэнне падтрымкі па гэтым пытанні, у сакавіку «За» былі 45%.

Ці ўхваляеце вы дзеянні Расіі ў бягучым узброеным канфлікце з Украінай?

Не ўхваляюць – 51,4% (1%)
Ўхваляюць – 39, 7% (-3%)

Які з бакоў канфлікту вы больш спачуваеце?

Украіне – 50, 3%
РФ – 21%
Абодзвюм – 19%.

У якім ваенна-палітычным саюзе павінна быць Беларусь?

Ні ў якім – 52% (0,2%)
АДКБ – 27,4% (-3%)
НАТА – 4,6% (-0,1%)

Як вы лічыце, ці з’яўляецца Беларусь саўдзельнікам ваеннага канфлікту ва Украіне?

Не – 61, 5% (-1, 4%)
Так – 32,5% (0,5%)

Паводле слоў Вардамацкага, найбольш часта сустракаемая матывацыя ў тых, хто прытрымліваецца пункту гледжання, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне, наступная: «мы не агрэсары, таму што мы супраць гэтай вайны».

Акрамя таго, БАМ правяла і апытанне аб стаўленні да беларусаў сярод украінцаў. Таксама прыводзім дадзеныя коратка.

68% украінцаў адзначылі, што пасля 24 лютага іх стаўленне да беларусаў «пагоршылася», 24% – не змянілася і 3,3% сказалі, што «палепшылася». 83, 5% апытаных украінцаў лічаць нашу краіну саўдзельнікам ваеннага канфлікту. Процілеглага пункта гледжання прытрымліваюцца 9,9%.

Было таксама і пытанне пра бягучае стаўленне да беларусаў. Варыянт адказу «дрэнна» выбралі 47,5% удзельнікаў даследавання, а 43,2% адказалі, што ставяцца да беларусаў добра. На аналагічнае пытанне, як вы ставіцеся да расейцаў, адказ «дрэнна» далі 82% украінцаў.

Папярэдні матэрыял
Мінабароны РБ купіла 56 дронаў DJI па завышаным кошце
Наступны матэрыял
Сын Лукашэнкі паляцеў у Казахстан: інфармацыя пацвердзілася

Iншыя матэрыялы