На русском языке:
BYPOL: стрельба и задержание террориста в Гродно — инсценировка КГБ
Ініцыятыва BYPOL паведаміла, што аперацыя, падчас якой нібыта быў забіты «замежнік», зʼяўляецца пастаноўкай КДБ.
21 сакавіка прапагандысты распаўсюдзілі фота і відэа, на якіх зафіксаваны момант назірання за нібыта грамадзянінам РФ Аляксеем Ламакіным, а таксама кадры штурму яго месца жыхарства і фатаграфія яго пашпарта. Тады ж указалі, што пашпарт «Ламакіна» зʼяўляецца падробленым.
«Заўважым, што гэтая інфармацыя зʼяўляецца адзінай праўдай, сказанай паслугачамі дыктатара», – іранізуе BYPOL.
Ініцыятыва зазначае, што ўсе мерапрыемствы з боку КДБ зʼяўляюцца пастановачнымі.
Асобай, якая нібыта ўжыла баявую гранату і «ліквідаваным» спецпадраздзяленнем КДБ група «А» ў Гродне, зʼяўляецца не «замежнік» Ламакін Аляксей, а дзейны супрацоўнік КДБ Захараў Аляксей Мікалаевіч (18.04.1981 г.н., ураджэнец г. Гарадок, Віцебскай вобл. ), які праходзіць службу ў аператыўна-пошукавым аддзеле УКДБ па Віцебскай вобласці (служба вонкавага назірання).
«Ніякага тэрарыста не існавала, пазначаныя мерапрыемствы з боку т.зв. «КДБ» зʼяўляюцца пастановачнымі», – паведаміў BYPOL.
Акрамя таго, «Наша Ніва» са спасылкай на hrodna.life піша, што ўладальнік кватэры па вуліцы Курчатава, 5 у Гродне Аляксандр Касцевіч разам з бацькамі затрыманы КДБ. Менавіта там праходзіла «аперацыя» КДБ па «ліквідацыі тэрарыста».
На канале СТБ адзначылі, што ён прыцягваўся за ўдзел у акцыях пратэсту яшчэ ў 2010 годзе. На дзяржаўным тэлебачанні паказалі і яго маці Алену Касцевіч, якая сказала, што не ведала, каму сын здаў кватэру. Кватэра здавалася нібыта цягам двух тыдняў. Па ТБ таксама заявілі, што паводле сведчанняў суседзяў, мужчына нібыта вывешваў на балконе БЧБ-сцяг.
На АНТ паведамілі, што Аляксандр Касцевіч «нават прыходзіў дапамагчы тэрарысту разабрацца з пральнай машынай». Таксама «тэрарыст» хацеў паклікаць Аляксандра ў госці і цікавіўся, якім напоям той аддае перавагу.
У Аляксандра Касцевіча ёсць жонка і маленькае дзіця.
Агулам па справе дапыталі 14 чалавек, якія размаўлялі з «тэрарыстам», гаворыцца ў сюжэце, перадае «Наша Ніва».