Чырвоны Крыж прыпыніў членства Беларускага таварыства КК

СТБ
3 хв.

На русском языке: Красный Крест приостановил членство Беларусского общества КК

Сяброўства Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа прыпыненае з 1 снежня. Паведамляецца, што прычына ў тым, што БТЧК адмовіўся зняць з пасады свайго кіраўніка Дзмітрыя Шаўцова. Нагадаем, што раней Шаўцоў ездзіў у акупаваныя ўкраінскія гарады Луганск і Данецк, дзе свяціўся з шаўронам з Z – сімвалам расійскай акупацыйнай арміі.

Чырвоны Крыж прыпыніў членства Беларускага таварыства КК

Такім чынам, з 1 снежня БТЧК губляе свае правы члена Чырвонага Крыжа і любое новае фінансаванне. Акрамя таго, БТЧК не зможа ўдзельнічаць у Генасамблеі арганізацыі і галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах.

Нагадаем, расследаванне было праведзена ў сувязі з заявамі Шаўцова аб ядзернай зброі і перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, а таксама ў сувязі з яго візітам у Луганск і Данецк. Па выніках расследавання паведамлялася, што Шаўцоў парушыў асноўныя прынцыпы руху, правілы выкарыстання яго эмблем і палітыку добрасумленнасці федэрацыі. IFRC заклікала БТЧК звольніць Шаўцова ў тэрмін да 30 лістапада гэтага года.

Дзмітрый Шаўцоў стаў кіраўніком ужо даўно «нармалізаванага» Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа 10 верасня 2021 года. Сваю карʼеру ён пачаў з дэпутацтва ў родным Жлобіне, пазней узначальваў беларускае аддзяленне «Міжнароднага грамадскага фонду адзінства праваслаўных народаў», прымаў удзел у працы таварыства «Веды» (усе – маргінальныя арганізацыі, якія выкарыстоўваюцца для прапаганды рэжымамі РБ і РФ).

З 2009 года ён выступае на тэлеканале ОНТ, не толькі расказваючы пра здароўе, але і пра неабходнасць «лячэння геяў», неабходнасць ударыць ядзернай зброяй і наогул выступаючы нібыта палітычным экспертам. У 2012 годзе патрапіў у палату прадстаўнікоў, у якасці «дэпутата» правёў два тэрміны.

З 2015 па 2020 гады Зміцер Шаўцоў узначальваў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. За фальсіфікацыі на выбарах быў узнагароджаны патрапленнем у нацыянальныя санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Папярэдні матэрыял
Пакет браць будзеце? Ва УС РБ не спяшаюцца адмаўляцца ад рэчмяшкоў XIX стагоддзя
Наступны матэрыял
Беларусь забараніла "заходнім" самалётам садзіцца ў РБ без дазволу "ўлады"

Iншыя матэрыялы