На русском языке:
Красный Крест призывает к отставке генсека БОКК Дмитрия Шевцова
Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (IFRC) па выніках расследавання заклікала звольніць генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрыя Шаўцова.
Расследаванне было праведзена ў сувязі з заявамі Шаўцова аб ядзернай зброі і перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, а таксама ў сувязі з яго візітам у Луганск і Данецк. Па выніках расследавання паведамляецца, што Шаўцоў парушыў асноўныя прынцыпы руху, правілы выкарыстання яго эмблем і палітыку добрасумленнасці федэрацыі. IFRC заклікае БТЧК звольніць Шаўцова ў тэрмін да 30 лістапада гэтага года.
Калі ж гэтага не адбудзецца, то IFRC заклікае ўстрымацца ад новых партнёрскіх абавязацельстваў у дачыненні да БТЧК, у тым ліку фінансавання.
Нагадаем, Дзмітрый Шаўцоў стаў кіраўніком ужо даўно «нармалізаванага» Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа 10 верасня 2021 года. Сваю карʼеру ён пачаў з дэпутацтва ў родным Жлобіне, пазней узначальваў беларускае аддзяленне «Міжнароднага грамадскага фонду адзінства праваслаўных народаў», прымаў удзел у працы таварыства «Веды» (усе – маргінальныя арганізацыі, якія выкарыстоўваюцца для прапаганды рэжымамі РБ і РФ).
З 2009 года ён выступае на тэлеканале ОНТ, не толькі расказваючы пра здароўе, але і пра неабходнасць «лячэння геяў», неабходнасць ударыць ядзернай зброяй і наогул выступаючы нібыта палітычным экспертам. У 2012 годзе патрапіў у палату прадстаўнікоў, у якасці «дэпутата» правёў два тэрміны.
З 2015 па 2020 гады Зміцер Шаўцоў узначальваў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. За фальсіфікацыі на выбарах быў узнагароджаны патрапленнем у нацыянальныя санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі.