Ціханаўскую завочна прыгаварылі да 15 гадоў калоніі

Офіс Святланы Ціханоўскай
3 хв.

На русском языке: Тихановскую заочно приговорили к 15 годам колонии

Так званы Мінскі гарадскі суд завочна прыгаварыў Святлану Ціханоўскую да 15 гадоў калоніі.

Акрамя таго, Паўла Латушку завочна прыгаварылі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама Марыі Мароз, Вользе Кавальковай і Сяргею Дылеўскаму далі па 12 гадоў калоніі завочна.

Святлану Ціханоўскую абвінавачвалі па 10 артыкулах КК РБ:
– падрыхтоўка да захопу і ўтрыманню будынкаў і збудаванняў;
– падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках;
– змова з мэтай захопу ўлады;
– стварэнне экстрэмісцкіх фарміраванняў і кіраўніцтва імі;
– закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі;
– распальванні варожасці;
– самавольным прысваенні звання і ўлады, спалучаным з удзелам у перамовах з прадстаўнікамі замежных дзяржаў.

Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд: «Сёння завочны «суд» вынес мне так званы прысуд у 15 гадоў турмы. Я не думаю пра тое, што яны хацелі сказаць мне сваім «прысудам». З ім ці без яго – я і дэмакратычныя сілы рабілі і працягнем рабіць усё магчымае, каб вызваліць нашых палітычных зняволеных і прывесці нашую краіну да дэмакратычных пераменаў.

Сёння я думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны. 5, 16, ці 22 гады… І я не хачу думаць пра рэжымных чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў. Тых, хто выконвае гэтыя злачынствы. Няхай яны лепш падумаюць пра сябе самі: бо Лукашэнка не стане абараняць іх у сапраўдным, незалежным судзе, для якога беларускія юрысты ўжо сабралі дастатковую колькасць сведчанняў. Ён будзе ратаваць толькі сябе і сваё блізкае кола. Дык ці варта падстаўляць саміх сябе дзеля абароны таго, хто і так асуджаны на правал?»

Папярэдні матэрыял
Пасля інцыдэнту ў Мачулішчах пад Мінскам зноў пачаліся GPS-перашкоды
Наступны матэрыял
Кіберпартызаны заявілі аб узломе базы ўсіх крымінальных і адміністратыўных справаў у РБ

Iншыя матэрыялы