На русском языке:
Светлана Тихановская: «День Победы из дня «никогда больше» превратился в кошмарное «можем повторить»
Сёння нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды 78-годдзя з дня перамогі над нацызмам у Еўропе.
Прыводзім яе гаворка без змен.
«9 траўня 1945 года беларусы разам з іншымі народамі святкавалі перамогу над гітлераўскай кааліцыяй. Мы ўсе ведаем гэтую гісторыю. Мы вучылі яе ў школе, шмат разоў чулі ад нашых бабуль і дзядуляў. З дзяцінства нам казалі, што гісторыю не перапісаць.
І вось прайшло 78 гадоў. Здавалася б, людзі павінны былі зразумець і ўсвядоміць каштоўнасць міру, але не. Ужо больш за год ідзе жорсткая вайна, якую развязала Расія супраць Украіны. Нашая краіна насуперак волі народа і толькі з-за жадання Лукашэнкі ўдзельнічае ў гэтай вайне на баку агрэсара. Дае сваю тэрыторыю для атакі, дазваляе размяшчаць і навучаць тут расійскіх салдат.
Расійскія ўлады напалі на суседа, назваўшы ўкраінцаў нацыстамі. Хаця ўкраінцы абараняюць свой дом ад тых, хто вырашыў, што ўкраінскай нацыі не павінна існаваць. Адначасова з гэтым беларускія сілавікі і прапагандысты называюць усіх, хто не згодны з Лукашэнкам, «бчб-фашыстамі».
Каб апраўдаць гвалт, рэпрэсіі, вайну, яны вешаюць ярлыкі нацыстаў і фашыстаў на ўсіх, хто ім супрацьстаіць. Насамрэч гэты рэжым робіць тое самае, што і нацысты – якія катавалі людзей у канцлагерах і пераследавалі за іншадумства.
А што адбылося з сапраўднымі нацыстамі, якіх перамаглі ў 1945-м? Германія прызнала свае памылкі і за гэтыя 78 гадоў расплацілася за іх спаўна. Менавіта Германія стала першай краінай, дзе палітычны рэжым прайшоў праз трыбунал – у Нюрнбергу. Немцы прайшлі праз праграму навучання дэмакратыі і па пераадоленні досведу нацызму. І зараз Германія імкліва развіваецца і зʼяўляецца адной з самых перадавых краін свету.
А што краіны-пераможцы? Беларусь прынесла вялікую ахвяру для гэтай перамогі. Але кіраўнікі СССР, а пазней Лукашэнка не зрабілі высноваў з вайны, і працягнулі эксплуатаваць памяць пра яе для сваіх мэт: для апраўдання рэпрэсій, для войнаў і для таго, каб замаскіраваць свае правалы ў эканоміцы. Пуцін і Лукашэнка дзесяцігоддзямі эксплуатуюць тэму перамогі ў Другой сусветнай, цалкам перакруціўшы сутнасць гэтага дня і стварыўшы «перамогу». Мой прадзед Афанасій, які дайшоў да Берліна, быў бы ў жаху, даведаўшыся, што Дзень перамогі з дня «ніколі больш» ператварыўся ў кашмарнае «можам паўтарыць».
І яны паўтараюць. Яны паўтараюць блакаду Ленінграда, абложваючы і знішчаючы Марыупаль. Яны паўтараюць Сталінград, атакуючы Бахмут месяцамі. Яны паўтараюць злачынствы нацыстаў у сотнях гарадах і вёсак, забіваючы і гвалтуючы людзей у Бучы, Ірпені і Барадзянцы.
Злачынствы расійскіх войскаў у Бучы. / Фота: Радыё Свабода
9 траўня 1945 гады – гэта не толькі дзень памяці ў гісторыі чалавецтва. Гэта яшчэ і стартавы пункт, які ўсе краіны-ўдзельніцы вайны выкарыстоўвалі для таго, каб больш не ваяваць, а будаваць квітнеючыя і развітыя дзяржавы. І толькі дыктатары выкарыстоўвалі яе для таго, каб загразнуць у крызісе і пачаць новую жахлівую вайну.
Але мы – беларусы. І ў нашага народа ўсё яшчэ ёсць выбар. Які шлях развіцця нам бліжэй? Рэпрэсіі, войны, крызіс, міжнародныя ваенныя злачынствы, перапісванне гісторыі, вымыванне лепшых спецыялістаў – ці ўсё ж такі свабода, інтэграцыя ў еўрапейскую эканоміку, рост узроўню жыцця, годныя зарплаты і пенсіі, магчымасць свабодна падарожнічаць па свеце, інвестыцыі ўсяго цывілізаванага свету ў нашу краіну?
Ніхто, апроч нас, не зробіць гэты выбар. І толькі зрабіўшы яго, мы зможам пабудаваць краіну, аб якой марым. Краіну, якая будзе шанаваць памяць, а не перакручваць яе. Краіну, якая будзе паважаць людзей – і рабіць усё, каб яны жылі як таго заслугоўваюць».