In English:
Belarussian Hajun: Commentary on the assumption by Defense Express about the launch of S-400 missiles from the airfield in Ziabrauka in the morning of January 14
На русском языке:
Defense Express сообщил о запуске С-400 из Зябровки утром 14 января. «Беларускі Гаюн»: в эти дни запусков из РБ не было
15 студзеня ўкраінская кампанія Defense Express апублікавала фатаграфіі абломкаў ракет, якімі РФ абстраляла Кіеў 14 студзеня. На ніх прысутнічае індэкс 48Н6ДМ, які сведчыць, што гэта абломкі ракет ад расійскага ЗРК С-400.
Кампанія паведаміла, што далёкасць удару такімі ракетамі складае 230-250 км і заявіла, што «пускавым раёнам для пуску ракет 48Н6ДМ з С-400 з максімальнай доляй верагоднасці з’яўляецца тэрыторыя беларускага аэрадрома «Зяброўка».
Адкуль мог быць нанесены ўдар з ЗРК С-400 па Кіеве? / Беларускі Гаюн
Цягам сённяшняга дня «Беларускі Гаюн» атрымаў шэраг паведамленняў з просьбай пракаментаваць гэтую інфармацыю.
Па-першае, як мы паведамілі яшчэ 14 студзеня, раніцай таго дня маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» не атрымала ніводнага паведамлення пра запускі ракет з тэрыторыі Беларусі. Больш за тое, за наступныя два дні пасля ўдару па ўкраінскай сталіцы мы таксама не атрымалі паведамленняў пра запускі ракет з тэрыторыі Беларусі той раніцай, не было паведамленняў і пра пралёт ракет ад жыхароў прыгранічных раёнаў з Беларуссю з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей.
Па-другое, калі меркаваць, што запуск ракеты з ЗРК С-400 раніцай 14 студзеня сапраўды быў зроблены з аэрадрому ў Зябраўцы, то яго б чулі тысячы мясцовых жыхароў, бо ўсяго за 10 км адтуль густанаселены горад Гомель (там жыве каля 500 000 чалавек), а вакол самога аэрадрому – дзясяткі вёсак. Але, паўторымся, нам не паступіла паведамленняў не тое што пра запуск, але нават пра гукі, якія былі б на яго падобныя.
Ці маглі ўвогуле запусціць ракету з Беларусі так, каб гэта не пачуў ніхто?
І так, і не. Мы ведаем, што сярод украінскіх вайскоўцаў ёсць меркаванне, што запуск мог быць з беларускай часткі Чарнобыльскай зоны, дзе не пражываюць людзі, а адпаведна ніхто не мог нам паведаміць пра запуск ракеты адтуль.
Таму, калі казаць пра тое, ці маглі запусціць так, каб ніхто гэтага не чуў, ёсць толькі адзін раён у Беларусі, дзе гэта магло адбыцца. Такую версію выключаць нельга.
Таксама запуск цалкам мог быць зроблены недалёка ад Зябраўкі – у Бранскай вобласці РФ.
Калі ў Беларусі гукаў запускаў ракет ніхто не зафіксаваў, то ў суседняй Бранскай вобласці, РФ – зусім наадварот.
Днём 14 студзеня выданне «Флагшток» паведаміла, што прыкладна з 7 гадзін раніцы жыхары суседняй Бранскай вобласці (Клінцы, Вышкаў, Почап, Клімава, Навазыбкаў) фіксавалі гукі выбухаў. Падобныя выбухі пачулі і пазней – у 10:29 у Клінцах і Унечы.
«Быў гул і потым выбух, я ў гэты момант знаходзіўся на вуліцы. Магчыма пуск ракет з самалётаў», – пісалі мясцовыя жыхары ў сацсетках.
Такім чынам, на дадзены момант нашмат верагодней тое, што запуск ракет С-400 раніцай 14 студзеня быў зроблены не з Беларусі, а з РФ.
UPD. 17 студзеня спікер Паветраных сіл пацвердзіў, што ўдар нанеслі з РФ
UPD. 17 студзеня спікер Паветраных сіл Юрый Ігнат пацвердзіў, што ўдар па Кіеве 14 студзеня быў нанесены з Бранскай вобласці Расіі. Палкоўнік адзначыў, што ўся прыфрантавая зона ўжо паўгода пакутуе ад удараў ракет С-300, якія расійскія войскі запускаюць па наземных цэлях.
14 студзеня УС РФ упершыню ўдарылі такім відам узбраення (С-400) па Кіеве. Удар быў нанесены з Бранскай вобласці РФ. Ігнат удакладніў, што па Кіеве і вобласці ў суботу вораг выпусціў больш за 10 такіх зенітных ракет, якія ляцелі па балістычнай траекторыі.
«Ужо паўгода ўся прыфрантавая зона – пад ударам гэтых ракет. Нічога не змянілася. Змяніўся толькі накірунак, з якога яны ўпершыню гэта зрабілі, – Бранская вобласць. І з вялікай далёкасці. С-400 б’е больш за на 200 кіламетраў.
Трэба разумець, што і адтуль ёсць пагроза, таму трэба рабіць пэўныя меры супрацьдзеяння. Там у суперніка трохі варыянтаў, дзе іх размяшчаць. Не буду казаць, што там трэба рабіць, але крокі наконт гэтага ўжо робяцца», – адзначыў Юры Ігнат.