На русском языке:
Флагшток: Задержанные на Полесье «диверсанты» оказались наркоконтрабандистами
15 лютага ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». Пры гэтым ні мясцовыя ўлады, ні прапагандысты, ні каналы сілавікоў не ведалі, што адбываецца. Аднак канал «МатолькаДапамажы» дакладна высветліў, што ў Лельчыцы прыляталі 4 верталёты з байцамі УС і ССА.
Пазней КДБ адчыталася пра затрыманне «тэрарыстаў», нібыта адпраўленых СБУ праводзіць тэракты ў Беларусі і РФ. Прапагандысты назвалі імёны трох затрыманых: украінцы Сяргей Кабарчук, Павел Кабарчук і жыхар Брэста Віталь Уласюк.
Выданне «Флагшток» высветліла, што затрыманыя ў Беларусі «агенты СБУ» Сяргей і Павел Кабарчукі на самой справе знаходзіліся ва Украіне пад следствам за кантрабанду наркотыкаў.
Пра крымінальны пераслед затрыманых Кабарчукоў ва Украіне стала вядома дзякуючы Telegram-боту, які збірае публічную інфармацыю аб судовых пасяджэннях. Згодна з гэтай інфармацыяй, пад следствам аказаліся бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі. Іх абвінавацілі ў кантрабандзе наркатычных рэчываў.
Сяргей і Павел пражывалі ва Украіне ў вёсцы Старая Выжыўка (Валынская вобласць) і з чэрвеня 2023 года знаходзіліся пад следствам. Іх абвінавачвалі па трох артыкулах, у тым ліку «кантрабанда наркатычных сродкаў» і «незаконны выраб і збыт наркатычных сродкаў».
За кантрабанду наркотыкаў ім пагражала да 12 гадоў турмы. Судзілі іх у раённым судзе горада Оўруч, і наступны суд быў запланаваны на 21 лютага 2024 года.
На відэа, якое зʼявілася ў дзяржСМІ 16 лютага, Сяргей Кабарчук распавёў аб крымінальным пераследзе ва Украіне па артыкуле 309 (такога артыкула ў матэрыялах суда няма). Ён таксама паведаміў, што ягоная крымінальная справа была б спыненая пасля таго, як ён перавёз бы груз у Беларусь. У іншым каментары ён сказаў, што яму прапанавалі 1500-2000 долараў.
Адзначым, што трэці з затрыманых – жыхар Брэста Віталь Уласюк – зʼяўляецца прыхільнікам «рускага свету» і рэжыму Лукашэнкі. У сваіх сацсцетках ён дзякуе АМАПу за тое, што тыя «не сталі на калені» і «не прадалі краіну Захаду». Вядома, што раней ён служыў у в/ч 92161 – гэта 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада, якую ўзначальваў Валерый Сахашчык.