Фота дня: у Віцебскім моргу не хапае месца

Motolko.help
2 хв.

На русском языке: Фото дня: в Витебском морге не хватает места

Паведамляюць, што ў моргу віцебскай БХМД не хапае месца, таму целы пакідаюць проста на каталках на вуліцы. У рэдакцыю Motolko.help даслалі адпаведнае фота. Дакладнага пацверджання гэтай інфармацыі на дадзены момант няма, але паведамленні сваякоў памерлых, якія на днях забіралі цела з морга, сведчаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, фота сапраўднае.

Фота дня: у Віцебскім моргу не хапае месца

Абстаноўка вакол морга віцебскай БХМД / Motolko.help
«З недахопам месцаў у моргу ў Віцебскай БХМД падобна да праўды. 10 дзён таму прывезлі туды тату і самі чулі, як нейкі медык крычаў іншаму, што месцаў у моргу няма, хутка на вуліцы будзем складаць. Мама ў іншай бальніцы. Сказала, што кожны дзень вывозяць з рэанімацыі...»
«...Учора забіралі з морга труп, ісці па цела даводзілася прама па трупах! Усе ляжаць у чорных мяшках і з біркамі, хто ў мяшку не зразумела, раскрываць забаронена. Рытуальныя паслугі загружаныя звыш нормы, часам нават трубкі не бяруць».
«Памёр мужчына ў БХМД ад COVID. Паехалі дамаўляцца з тымі, хто капае. Яны адмовіліся, ім на наступны дзень 17 магіл трэба выкапаць, а яны паспяваюць 12. Прыехалі забіраць з морга БХМД, а на вуліцы 12 трупаў на каталках ляжаць. Работнік кажа: «У нас 15 халадзільнікаў, у халадзільнікі кладзём па двое». Рытуальную залу зачынілі, складаюць у ёй трупы па двое, адзін на аднаго, уздоўж і папярок, каб не разваліліся. Медсястра з начнога дзяжурства прыйшла, за ноч з яе аддзялення 8 трупаў вывезлі».

Паводле інфармацыі сайта дзяржзакупак, віцебская БХМД у 2021 годзе закупляла мяшкі для трупаў больш актыўна, чым іншыя ўстановы аховы здароўя Беларусі.

Эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі ў апошні месяц моцна пагоршылася. Сярод тых, хто захварэў COVID-19, як ніколі шмат цяжкіх пацыентаў, рэанімацыі перапоўненыя. Медыкі называюць 4-ю хвалю каранавіруса самай цяжкай.

Па афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы здароўя, за апошнія суткі ў Беларусі выяўлена 2 097 выпадкаў COVID-19, 17 пацыентаў памерлі. Колькасць актыўных выпадкаў знізілася на 235 чалавек, але за месяц вырасла з 10 335 да 23 148 пацыентаў.

Папярэдні матэрыял
У Літве затрымалі кантрабанду беларускіх цыгарэт пад выглядам бульбянога пюрэ
Наступны матэрыял
Зліў: Кавалёў дамаўляецца пасадзіць самалёт «айцішнiка», які пагражаў Балабе?

Iншыя матэрыялы