Ігар Лосік звярнуўся да Папы Рымскага з просьбай заступіцца за беларусаў

хв.

Жонка Ігара Дар’я распавяла, што ён напісаў ліст Папы Рымскаму з просьбай «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей, якім ужо ўсё роўна на лёсы іншых, на сотні разбітых горам сем’яў».

У сваім лісце палітвязень піша, што сотні і тысячы беларусаў, сутыкнуўшыся з беззаконнем і несправядлівасцю, упадаюць у роспач і не бачаць выйсця з сітуацыі, якая склалася.

«Я не прашу заступіцца за мяне перад кімсьці, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасць, за сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горш. Можа быць, я вельмі наіўны, і гэты ліст да Вас не дойдзе, але я пішу яго зусім шчыра і ад чыстага сэрца і веру, што пішу яго не дарма. І мне вельмі хочацца верыць, што Бог не пакінуў нас, што гэтая бессэнсоўная жорсткасць спыніцца, што больш ніхто не памрэ, і ўсе вернуцца да сем'яў».

Ігар Лосік — палітвязень, аўтар Telegram-канала «Беларусь галаўнога мозгу». З 25 чэрвеня 2020 года знаходзіцца пад вартай у жодзінскай следчай турме №8. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, два з якіх вядомыя: 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх і 293 — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках. У сакавіку 2021 года Лосіку прад’явілі яшчэ адно абвінавачанне, аднак яго адвакат даў падпіску пра неразгалошванне, таму грамадскасці да гэтага часу невядома, па якім артыкуле і ў чым яно заключаецца. У ізалятары Ігар неаднаразова аб’яўляў галадоўку і рэзаў сабе рукі.

Папярэдні матэрыял
Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з нагоды 30-й гадавіны незалежнасці Беларусі
Наступны матэрыял
Амерыканская карпарацыя Cummins спыніла супрацоўніцтва з БелАЗам

Iншыя матэрыялы