IIHF на 5 гадоў дыскваліфікавала кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава

Фото: hockey.by
2 хв.

Міжнародная федэрацыя хакея на 5 гадоў дыскваліфікавала кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава. Баскаў адхілены ад усіх нацыянальных і міжнародных хакейных мерапрыемстваў на пяць гадоў, пачынаючы з 10 верасня 2021 года і сканчваючы 9 верасня 2026 года.

Рашэнне прынята пасля расследавання Дысцыплінарным саветам IIHF, які прызнаў, што Баскаў парушыў Кодэкс паводзінаў IIHF.

«Баскаў спрабаваў наўпрост паўплываць на іншых, каб падтрымаць урад Беларусі, пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартсменаў праз іх палітычныя погляды, парушаючы правіла 1.2.2.1 Кодэкса паводзін IIHF», — паведамляецца на сайце Міжнароднай федэрацыі хакея. Таксама гаворыцца, што Баскаў злоўжываў сваім становішчам з мэтай падтрымкі Лукашэнкі, парушыўшы тым самым артыкул №5 Алімпійскай хартыі.

Каментуючы дыскваліфікацыю Баскава, экс-дырэктар аршанскага хакейнага клуба «Лакаматыў» Яўген Мазура сказаў:

«Зараз яго, хутчэй за ўсё, адсунуць і паставяць нейкую іншую марыянетку, а ён будзе ўсім кіраваць і далей. I адна якая-небудзь гаворачая галава будзе рабіць выгляд, што яна старшыня федэрацыі хакея. Тая ж самая гісторыя, як з хакейным клубам "Дынама"».

Нагадаем, ініцыятыва BYPOL лічыць, што Дзмітрый Баскаў мае дачыненне да забойства Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен». Адбылося гэта ў лістападзе 2020 года. Тады невядомыя ў масках схапілі Бандарэнку ў двары дома, дзе ён жыў, збілі, зацягнулі ў бус з таніраванымі вокнамі і даставілі ў РУУС. На наступны дзень Раман памёр у лякарні хуткай дапамогі. Паводле расследавання BYPOL, апублікаваных запісаў тэлефонных размоў, білінгу званкоў і геалакацыі мабільных тэлефонаў, да інцыдэнту маглі быць датычныя Дзмітрый Шакута, Дзмітрый Баскаў і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Крымінальная справа па факце смерці Рамана Бандарэнкі была ўзбуджаная толькі ў лютым 2021 года. Хто праходзіць падазраваным па справе — да гэтага часу не паведамлялася.

Папярэдні матэрыял
Новая хваля. У Мінску і Брэсце бальніцы перапрафілююць пад COVID
Наступны матэрыял
У Кунцаўшчыне адбылася пратэстная акцыя. Затрыманыя мінчукі

Iншыя матэрыялы