Новая хваля. У Мінску і Брэсце бальніцы перапрафілююць пад COVID

Фото: Mufid Majnun / Unsplash.com
2 хв.

Сёння першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла, што ў Беларусі назіраецца павелічэнне захворвання COVID-19.

Толькі па афіцыйнай інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, за 6 верасня ў Беларусі зарэгiстравана 1 419 новых выпадкаў COVID-19. Пачынаючы з 23 жніўня ў краіне штодня фіксуюць больш за 1000 выпадкаў. Такой колькасці тых, хто захварэў, не было з канца вясны.

У Міністэрстве аховы здароўя прагназавалі новую хвалю захворвання на кастрычнік, але, мабыць, хваля прыйшла раней, чым чакалі. З розных гарадоў паведамляюць, што ў мясцовых ЦРБ вялікая колькасць цяжкіх хворых у кавідных аддзяленнях. Такая інфармацыя прыходзіць з Глыбокага, Маладзечна, Оршы і Жлобіна.

«У Глыбокім кавіднае аддзяленне перапоўнена, у Шаркаўшчыне зноў адкрылі нейкі "закуток"для кавідных. У пятніцу ў глыбоцкую ЦРБ за суткі паставілі 50 балонаў кіслароду».

Таксама прыходзяць паведамленні, што некаторыя бальніцы ў абласных цэнтрах, у прыватнасці ў Мінску і Брэсце, перапрафілююць пад COVID-19.

  • «2-ую ГКБ, дакладней цэлы хірургічны корпус, закрываюць з 9 верасня на COVID. Усіх пацыентаў, хто ў стане ісці, адправілі па дамах або для звароту ў свае паліклінікі. Хто не ходзіць, размеркавалі па іншых медустановах. Чакаюць вялікі наплыў цяжкіх кавіднікаў».
  • «Выдалі напраўленне на аперацыю ў 4-ку. Сёння туды прыехаў, а бальніца рэзка зачыніліся для планавых аперацый з-за каранавіруса. Трэці раз зачыняецца з вясны 2020, але звычайна пра такое аб'яўлялі за тыдзень і не выдавалі напраўленні. А тут ніякай інфармацыі».
  • «Чыгуначная бальніца ў Брэсце з 10 верасня пераходзіць у разрад кавіднай, успышка».
  • «У 5-й бальніцы Мінска таксама прыпыненыя планавыя аперацыі ў хірургіі, актыўна завозяць медыкаменты з бальнічнай аптэкі».

Толькі праз 6 дзён Мінздароўя прызнае, што прыйшла новая хваля COVID-19:

«Чарговая хваля COVID-19 прыйшла ў Беларусь і на парадку дня спецыялістаў пытанні забяспечанасці лекавымі прэпаратамі, сродкамі індывідуальнай абароны, кіслародам. Асобнае пытанне абмеркавання — наяўнасць вольных месцаў у бальніцах, гатоўнасць да перапрафілявання», — паведаміў 14 верасня Telegram-канал ведамства.
Папярэдні матэрыял
Святлана Ціханоўская пашырыла сваю эканамічную каманду
Наступны матэрыял
IIHF на 5 гадоў дыскваліфікавала кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава

Iншыя матэрыялы