Кабінет прадстаўнікоў Ціханоўскай: навошта патрэбная канферэнцыя пра Беларусь у Вене і хто там будзе ад імя беларусаў

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
3 хв.

In English: Cabinet of Representatives of Tsikhanouskaya: why do we need a conference on Belarus in Vienna and who will be there on behalf of Belarusians
На русском языке: Кабинет представителей Тихановской: зачем нужна конференция о Беларуси в Вене и кто там будет от имени беларусов

22 лістапада Аўстрыя арганізуе канферэнцыю высокага ўзроўню па вырашэнні крызісу ў Беларусі. 21-23 лістапада падчас канферэнцыі пройдзе шэраг дыскусій і кансультацый прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі з міжнароднымі партнёрамі. Кабінет прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай у асобе Валерыя Кавалеўскага і дарадцы Франака Вячоркі адказалі на галоўныя пытанні.

Гэта тыя самыя перамовы, да якіх вы заклікалі ў сакавіку?

Ідэю канферэнцыі выказвалі і Святлана Ціханоўская, і Павел Латушка, і Каардынацыйная рада яшчэ вясной, калі беларусы прагаласавалі за перамовы для вырашэння крызісу ў Беларусі. Але з таго часу рэжым зрабіў мноства памылак, захапіў самалёт, узмацніў рэпрэсіі, учыніў міграцыйны крызіс. Зняволеныя па палітычных матывах не вызваленыя – умова старту перамоваў не выканана, значыць ніякія перамовы пачацца не могуць.

Чаго вы хочаце дабіцца ад гэтага мерапрыемства? Навошта яно беларусам?

На канферэнцыі ЕС і ЗША разам з дэмакратычнымі сіламі абмяркуюць сумесную стратэгію дзеянняў. Пакуль у Беларусі невінаватыя людзі застаюцца ў турмах, міжнародны ціск на рэжым будзе толькі ўзмацняцца. ЕС і ЗША салідарныя ў гэтым.

Ці ёсць рызыка таго, што гэтая сустрэча стане першым крокам да прызнання рэжыму на міжнароднай арэне?

Не. Успомніце сустрэчы Макея з заходнімі гульцамі – адзінае, пра што яны з ім гаварылі, гэта пазіцыя дэмакратычных сіл: вызваленне і рэабілітацыя зняволеных па палітычных матывах – і толькі тады старт перамоваў пра новыя выбары.

Прарэжымныя эксперты гавораць, што іх ужо запрасілі на канферэнцыю. Гэта праўда? Ціханаўская будзе весці з імі дыялог?

Не, прадстаўнікі Аўстрыі яшчэ не рассылалі запрашэнняў, і ў гэтым пытанні кансультуюцца з Офісам Ціханоўскай. Сама Святлана Ціханоўская на канферэнцыі будзе ўдзельнічаць толькі ў палітычнай панэлі высокага ўзроўню – разам з міністрамі і пасламі ЕС і ЗША. Эксперты могуць удзельнічаць толькі ў экспертных дыскусіях.

Ці магчыма, што еўрапейцы пачнуць дамаўляцца з рэжымам за спінай беларусаў?

Не, апошнім часам еўрапейцы толькі ўзмацняюць санкцыйны ціск на рэжым і рыхтуюць пяты пакет санкцый. Больш за тое, усё большая колькасць краін маюць зносіны са Святланай Ціханоўскай і дэмакратычнымі сіламі як з галоўнымі прадстаўнікамі беларускага народа.

Чаму для рэжыму гэтая канферэнцыя – у любым выпадку кепска?

Бо калі б рэжым накіраваў сваіх прадстаўнікоў, якія дапушчаныя да прыняцця рашэнняў, – значыць Лукашэнка «здаўся» і прызнаў дэмсілы прадстаўнікамі беларусаў. А калі рэжым не прадстаўлены на канферэнцыі – гэта значыць, што пытанні Беларусі працягваюць абмяркоўваць без яго ўдзелу.

Паглядзець відэа цалкам:

Папярэдні матэрыял
Выкрываем фэйк: дзіцяці пускаюць у вочы дым, каб выклікаць слёзы
Наступны матэрыял
Мігранты на беларуска-польскай мяжы. Аўторак. Абнаўляецца

Iншыя матэрыялы