In English:
The KGB holds a 15-year-old brother of the admin of the Community of Railway Workers of Belarus hostage. He faces 3-10 years in prison
На русском языке:
КГБ удерживает 15-летнего брата админа «Сообщества железнодорожников Беларуси» в заложниках. Его хотят посадить на 3-10 лет
Стала вядома, што непаўналетняга падлетка – роднага брата адміністратара «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі» працягваюць утрымліваць у закладніках. Дзіця адправілі ў СІЗА на мінскай вуліцы Валадарскага, яму прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе з магчымым тэрмінам зняволення ад 3 да 10 гадоў.
Ініцыятыва паведаміла, што на працягу ўсяго гэтага часу падлетак падвяргаўся жорсткаму ціску з боку сілавікоў, з яго выбіваюць прызнальныя паказанні. З 17 студзеня ён знаходзіўся ў ІЧУ, затым – у спецыяльным дыспансеры СК, з учарашняга дня ўтрымліваецца ў СІЗА. Адвакаты працяглы час не дапускаліся, бацькам у сустрэчы адмаўлялі.
Ініцыятыва заклікае журналістаў, праваабаронцаў і грамадскіх дзеячаў расказаць пра тое, што адбываецца.
«Калі вы апыніцеся ў падобнай сітуацыі, ні ў якім разе не паддавайцеся на абяцанні і ўгаворы злачынцаў у пагонах, не вядзіце з імі перамовы. З тэрарыстамі перамовы бессэнсоўныя!», – паведамілі @belzhd_live.
Нагадаем, 19 студзеня стала вядома, што КДБ затрымаў 15-гадовага падлетка і завёў на яго сфабрыкаваную крымінальную справу па артыкуле 208 ч. 2 КК РБ (Вымагальніцтва). Хлопца трое сутак трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, не дапускаючы да яго ні бацькоў, ні адваката.
«Мы не ведаем, што рабілі з дзіцем увесь гэты час, у пятніцу яго вызвалілі з-пад варты і накіравалі ў «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя» (Навінкі)», – піша @belzhd_live.
У вас напэўна ўжо зʼявілася пытанне: «Навошта?» А за тым, што шляхам ціску на блізкага сваяка лукашысты ціснуць на @belzhd_live. Яны патрабуюць выдаліць Telegram-канал і спыніць дзейнасць.
Вось рэальнасць, вось тое, з чым сутыкаюцца беларусы кожны дзень. І гэта прамы доказ таго, што рэжым Лукашэнкі дэ-факта тэрарыстычны. А беларусы, якіх затрымліваюць па палітычных прычынах або за падтрымку Украіны – аказваюцца ў закладніках у прамым сэнсе.
Мы жадаем вам нагадаць, што менавіта тэлеграм-канал «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі» з самага пачатку вайны ўважліва сочыць і публікуе інфармацыю аб велізарнай колькасці вайсковых эшалонаў акупацыйных войск ВС РФ, якія прыбываюць у Беларусь. Мы ўпэўненыя, што ў тым ліку дзякуючы працы @belzhd_live, удалося значна запаволіць і агалошваць рух воінскіх эшалонаў ВС РФ перад уварваннем ва Украіну ў лютым 2022 года.
Калі ласка, дапамажыце распаўсюдзіць інфармацыю аб тым, як рэжым Лукашэнкі цісне на беларускіх актывістаў шляхам узяцця іх сваякоў у закладнікі.