На русском языке:
Руководство БелЖД отправлено в Москву для согласования «секретных перевозок»
Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла, што ўчора, 12 красавіка, у пазапланавым парадку камандзіраваныя ў Маскву некалькі кіраўнікоў Беларускай чыгункі:
- Ігар Казлоўскі – намеснік начальніка БЧ, адказны за пытанні арганізацыі бяспечнага забеспячэння жыццядзейнасці чыгункі;
- Ігар Андросаў – начальнік агульнатэхнічнай службы БЧ.
Варта адзначыць, што служба пад кіраўніцтвам Андросава, сярод іншага, курыруе пытанні абароны працаўнікоў і арганізацый чыгункі ад надзвычайных здарэнняў прыроднага і тэхнагеннага характару, пытанні грамадзянскай абароны, каардынацыі працы па забеспячэнні бяспекі перавозак небяспечных грузаў па чыгунцы, працы па папярэджанні актаў тэрарызму і каардынацыі дзейнасці ваенізаванай аховы БЧ па ахове абʼектаў і грузаў.
Як паведамляюць чыгуначнікі, прычын пазапланавай камандзіроўкі ў Маскву можа быць некалькі. Па-першае, яны могуць абмяркоўваць забеспячэнне бяспекі воінскіх перавозак у сувязі з магчымым «пашырэннем рамак» групоўкі УС РФ на тэрыторыі Беларусі, аб чым на нядаўняй сустрэчы з Лукашэнкам заяўляў кіраўнік МА РФ Шайгу.
Другая ж верагодная прычына камандзіроўкі, паводле слоў чыгуначнікаў, можа быць звязана з будаўніцтвам сховішча ТЯЗ на тэрыторыі Беларусі і магчымым размяшчэннем ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
«І, як следства, звязанымі з гэтым пытаннямі забеспячэння транспартнай бяспекі пры транспарціроўцы ядзерных матэрыялаў чыгуначным транспартам», – піша Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Ёсць яшчэ адзін аспект: Менавіта Ігар Андросаў, адзіны ад БЧ, ездзіў у Маскву ў лістападзе 2021 года на кансультацыі членаў АДКБ па пытанні стварэння адзінай сістэмы тэхнічнага прыкрыцця чыгунак дзяржаў-членаў АДКБ.
На тых жа кансультацыях, паводле даных @belzhd_live, прысутнічала і Цэнтральнае ўпраўленне ваенных шляхоў РФ (ВАШЛ) і, як мяркуецца, менавіта тады ішло ўзгадненне перакідкі ў Беларусь эшалонаў з тэхнікай і асабовым складам групоўкі УС РФ.
«У выніку ў студзені ў Беларусь пачалася найбуйнейшая перакідка воінскага кантынгенту РФ з часоў развалу СССР. Зразумела пра што ён там дамовіўся… Характэрна і тое, што зараз раптоўна адпраўляюць туды не абы каго, а цэлага намесніка начальніка дарогі (Куратара БЧ ад КДБ) Казлоўскага, ды яшчэ і напярэдадні абʼезду па праверцы абароненасці абʼектаў інфраструктуры БЧ і на пару з гэтым жа Андросавым», – паведамілі @belzhd_live.