In English:
The Minister of Foreign Affairs of Lithuania: EU and US sanctions on Minsk need to be synchronized
На русском языке:
Глава МИД Литвы: санкции ЕС и США против Минска должны быть синхронизированы
Па інфармацыі агенцтва «Інтэрфакс-Захад», сёння перад паседжаннем урада, кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс сказаў, што санкцыі ЕС і ЗША трэба сінхранізаваць, каб вырашыць шматлікія пытанні, як напрыклад, транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву.
«Мы маем відавочнае адхіленне ад таго факту, што Еўропа ўвяла санкцыі ў дачыненні да пэўных прадуктаў з угнаенняў, якія не могуць увозіцца ў ЕС, а ЗША — у адносінах да ўсёй юрыдычнай асобы. Было б добра, калі б гэтыя санкцыі былі сінхранізаваныя, тады б вырашыліся многія іншыя пытанні», — сказаў ён журналістам.
Ландсбергіс чарговы раз звярнуў увагу на праблему, што цяперашнія амерыканскія санкцыі не прыводзяць да прававых наступстваў для Літвы. І дадаў, што ўрад усё яшчэ шукае спосабы кіравання ўзнікаючымі рызыкамі, як юрыдычнымі, так і фінансавымі.
Нагадаем, пасля ўступлення ў сілу санкцыяў ЗША супраць «Беларуськалія», 8 снежня, літоўскія чыгункі працягнулі пастаўляць беларускія калійныя ўгнаенні ў порт Клайпеды. Аргументуючы гэта заключанымі раней кантрактамі на пастаўкі і тым, што санкцыі ЗША наўпрост не распаўсюджваюцца на літоўскія кампаніі. Кіраўнік Літоўскай чыгункі (Lietuvos gelezinkeliai) Мантас Бартушка заявіў, што транзіт будзе спынены, калі такое рашэнне прыме літоўскі ўрад, або будуць больш жорсткімі еўрапейскія санкцыі.
Пасля гэтага, кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс і міністр транспарту і камунікацый Марыус Скуадзіс заявілі аб намеры сысці ў адстаўку з-за сітуацыі з транзітам «Беларуськалія». Апошні таксама прапанаваў увесці нацыянальныя санкцыі супраць транзіту «Беларуськалія».
Учора стала вядома, што прэм’ер-міністр краіны Інгрыда Шыманітэ прыняла рашэнне, што ўрад Літвы працягне працу ў ранейшым складзе, міністры замежных спраў і транспарта павінны застацца на сваіх пасадах. А вось кіраўнік Літоўскай чыгункі (Lietuvos gelezinkeliai) Мантас Бартушка сыдзе з пасады пасля пераходнага перыяду, пра што паведаміў старшыня праўлення прадпрыемства Кястуціс Шлюжас.