На русском языке:
LTG Cargo приостанавливает контракты с терминалом клайпедского порта, который частично принадлежит «Беларуськалию»
Грузавая кампанія літоўскай чыгункі LTG Cargo прыпыняе кантракты з кампаніяй Birių krovinių Terminalas (30% кампаніі BKT валодае «Беларуськалій»), якая кіруе тэрміналам насыпных грузаў у порце Клайпеды.
Прычынай называецца ўдзел Birių krovinių Terminalas у пастаўках падсанкцыйнай прадукцыі з Беларусі – карбаміду.
LTG Cargo паведамілі, што маюць доказы таго, што BKT мае дачыненне да імпарту 15 вагонаў з Беларусі ў Літву ў пачатку лютага.
«Калі кампанія жадае аднавіць аказанне паслуг, ад яе патрабуецца прадставіць дэкларацыю аб выкананні ўведзеных у Літве міжнародных санкцый і заключэнне кампетэнтнай літоўскай установы аб тым, што кампанія не падлягае санкцыям, у тым ліку ўскосна праз права ўласнасці або кантроль», – сказалі ў LTG Cargo.
Нагадаем, у 2013 годзе «Беларуськалій» купіў у літоўскага бізнесмена Ігара Удавіцкага 30% тэрмінала Biriu kroviniu terminalas (БКТ). Доля абышлася ў 30 млн долараў. Пасля гэтай здзелкі ў Ігара Удавіцкага засталося 5% акцый тэрмінала. Астатнія 65% належаць кампаніі Hasenberg AG, якая ўскосна кантралюецца Удавіцкім, паведамляе Савет па канкурэнцыі Літвы.
Восенню 2022 года Ігар Удавіцкі планаваў выкупіць 30% акцый «Беларуськалія». Ён атрымаў згоду на здзелку ад літоўскага Савета па канкурэнцыі і ўрадавай Камісіі па ўзгадненню здзелак па абʼектах, важным для забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Пры гэтым сам Удавіцкі так і не пацвердзіў, ці набыў ён беларускую долю тэрмінала.