In English:
McDonald’s, MAZ and BTA Bank: What interests do Kazakhstan businessmen have in Belarus?
На русском языке:
McDonald’s, МАЗ и БТА Банк: Какие интересы имеют в Беларуси казахские бизнесмены?
У нядзелю, 3 студзеня, у Казахстане пачаліся масавыя пратэсты праз рост коштаў на звадкаваны газ, да вечара 4 студзеня пратэсты ахапілі практычна ўсе рэгіёны краіны. Пратэстоўцы захопліваюць адміністрацыйныя будынкі і адбываюцца шматлікія сутыкненні з паліцыяй, у якіх казахскія сілавікі выкарыстоўваюць слёзатачывы газ, гумовыя кулі і святлошумавыя гранаты.
Акрамя таго, з краіны пачалі актыўна вылятаць прыватныя самалёты. У прыватнасці, рэдакцыі motolko.help стала вядома, што сёння Казахстан пакінуў і бізнэсовец Кайрат Баранбаеў, які ў Беларусі валодае франшызай McDonald’s і лічыцца адным з набліжаных да экс-прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. У сувязі з гэтым мы вырашылі прааналізаваць, якія казахскія бізнэсоўцы валодаюць бізнэсам у Беларусі.
- Кайрат Баранбаеў (уладальнік франшызы McDonald’s у Беларусі)
Кайрат Баранбаеў на Мінскім паўмарафоне ў 2017 годзе / Фота: pressball.by
Адзін з найбагацейшых людзей Казахстана, які займае 14-ы радок у рэйтынгу казахскага Forbes і з’яўляецца франчайзі McDonald’s у Беларусі, Казахстане і Расіі. У 2016 годзе, на пытанне партала TUT.BY пра датычнасць Баранбаева да вядомай сеткі рэстаранаў хуткага харчавання крыніца адказала:
«Кампанія [«КСБ Віктары Рэстараны»], якая кіруе рэстаранамі McDonald’s у Беларусі — гэта яго. КСБ — гэта Кайрат Саветаевіч Баранбаеў. Ён вельмі ўплывовы чалавек у Казахстане. У добрых адносінах і з некаторымі беларускімі алігархамі», — сказала крыніца выдання.
Акрамя гэтага Баранбаеў з’яўляецца набліжаным да экс-прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У 2013 годзе яго дачка Аліма выйшла замуж за ўнука Назарбаева — Айсултана. Крыху пазней Баранбаеў сам гэта пацвердзіў журналістам.
- Кенес Ракішаў (уладальнік БТА Банка ў Беларусі)
Кенес Ракішаў / Фота: Коммерсантъ
Ракішаў займае 9-е месца ў спісе Forbes і з’яўляецца ўладальнікам шматпрофільнай холдынгавай кампаніі ТАА «Fincraft Group», якая, у сваю чаргу, кіруе БТА Банкам. На сайце беларускага БТА сказана, што Ракішаў Кенес Хамітулы з’яўляецца яго бенефіцыярным уласнікам і валодае кантрольным пакетам акцый банка.
Структура ўласнасці БТА Банка / Фота: btabank.by
- Андрэй Лаўрэнцьеў
Андрэй Лаўрэнцьеў / Фота: forbes.kz
Старшыня савета дырэктараў і акцыянер АТ «Група Кампаній «Алюр», у структуру якой уваходзіць найбуйнейшая ў Казахстане кампанія па выпуску сельскагаспадарчай тэхнікі «АграмашХолдынг KZ». Апошняя выпускае камбайны пад брэндам ESSI, якія ствараюцца на базе гомельскіх збожжаўборачных камбайнаў «Палессе».
- Нурлан Смагулаў
Нурлан Смагулаў
Бізнэсовец займае 11-ы радок у спісе Forbes і з’яўляецца адзіным уласнікам «Астана Груп», у якую ўваходзіць кампанія «Астана Мотарс». З 2016 года кампанія з’яўляецца афіцыйным партнёрам Мінскага аўтамабільнага завода і афіцыйным дылерам ААТ «МАЗ» у Казахстане. У 2017 годзе кампанія запусціла вытворчасць грузавікоў МАЗ на сваім заводзе ў Алматы.
Калі ў вас ёсць іншая цікавая інфармацыя пра казахскі бізнэс у Беларусі, пішыце ў @motolko_bot або праз ананімную форму для зваротнай сувязі.