Служыў у разведцы і працаваў у «Гомельаблгаз». Што вядома пра Дзмітрыя Усхопава, які загінуў у навагоднюю ноч у Рэчыцы?

Фота з асабістай старонкі
10 хв.

In English: Served in Intelligence Service and worked at Gomeloblgaz. What is known about Dmitry Uskhopov, who died on New Year’s Eve in Rechitsa?
На русском языке: Служил в разведке и работал в «Гомельоблгаз». Что известно о Дмитрии Усхопове, погибшем в новогоднюю ночь в Речице?

31 снежня ў 23:10 на аўтобусным прыпынку «Дзіцячы свет» у Рэчыцы міліцэйскім патрулём быў затрыманы 27-гадовы Дзмітрый Усхопаў, да яго была прыменена фізічная сіла і праз пару гадзін яго даставілі ў раённую бальніцу ў стане клінічнай смерці. Рэдакцыя motolko.help паспрабавала даведацца падрабязнасці пра гэтага чалавека.

Служыў у разведцы і працаваў у «Гомельаблгаз». Што вядома пра Дзмітрыя Усхопава, які загінуў у навагоднюю ноч у Рэчыцы?

Дзмітрый Усхопаў / Фота з асабістай старонкі Дзмітрыя

Што адбылося з Дзмітрыем у навагоднюю ноч?

Першымі пра смерць паведамілі праваабаронцы «Палеская Вясна». Па інфармацыі атрыманай ад сваякоў, у навагоднюю ноч Дзмітрый ехаў да маці адзначаць новы год. Аднак на аўтобусным прыпынку яго затрымалі з прыкметамі моцнага алкагольнага ап’янення, Дзмітрый аказаў супраціўленне і, як пазней паведаміў СК, да яго была прыменена фізічная сіла. Сябар Дзмітрыя Аляксандр, які аказаўся сведкам здарэння, паведаміў, што двое міліцыянтаў выклікалі падмацаванне і прыбылі яшчэ пяцёра, якія заштурхалі Дзмітрыя ў «аўтазак».

Па нашай інфармацыі, Усхопава дастаўлялі ў РАУС і ў лякарню на аўтамабілі УАЗ, які належыць унутраным войскам. Па папярэдняй інфармацыі, нумар аўтамабіля
сканчваўся ВВ-0, а за стырном мог знаходзіцца старэйшы лейтэнант Юрый Козыраў і прапаршчык па прозвішчы Дуброўскі.

Служыў у разведцы і працаваў у «Гомельаблгаз». Што вядома пра Дзмітрыя Усхопава, які загінуў у навагоднюю ноч у Рэчыцы?

Старшы лейтэнант Козыраў Юрый Уладзіміравіч. У 2017 годзе з'яўляўся намеснікам камандзіра роты вайсковай часткі №5525 / motolko.help

Аднак па ўсіх інструкцыях мужчыну ў цяжкім стане павінна была дастаўляць у шпіталь машына хуткай дапамогі, а ніяк не міліцыянты ці вайскоўцы на УАЗе.

Па словах сваякоў, у Рэчыцкім РАУС мужчыну маглі дапытваць і біць: «Дзімку даставілі ў РАУС. Там або дапытвалі і білі, або адзін раз ударылі ў галаву, або стрэлілі з пнеўматыкі, я дакладна не ведаю. Ён страціў прытомнасць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, нацельная майка разарваная. Прывезлі яго ўжо з напаўголым тулавам і зверху ў куртцы. Валасы, цела, адзенне — усё мокрае, яно і цяпер мокрае ў моргу», — сказалі блізкія выданню Флагшток.

Раніцай першага студзеня было праведзенае ўскрыццё, а ўчора тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў фатаграфіі загінулага з морга. Мы не публікуем фатаграфіі з павагі да блізкіх загінулага.

На фота можна выразна заўважыць ранкі і сляды ад кайданкоў, а вялікія сінія плямы на спіне, па словах экспертаў, з’яўляюцца трупнымі плямамі. Выданне Zerkalo.io паказала фота судмедэксперту Надзеі Гурманчук, якая сказала, што на фатаграфіях бачныя цялесныя пашкоджанні, але прычыну смерці можна высветліць толькі пры поўным судова-медыцынскім даследаванні. Эксперт заўважыла пашкоджанне на галаве ў вобласці левай надброўнай дугі, якое магло ўтварыцца ад дзеяння тупога цвёрдага прадмета.

«У вобласці кісцей і запясця, на пярэдняй паверхні левага каленнага сустава бачныя сінякі. Некаторыя з іх маюць паласападобную форму, размешчаны ў вобласці запясцяў, што сведчыць аб тым, што яны маглі ўтварыцца ад дзеяння кайданкоў. Астатнія сінякі маюць авальную і круглявую формы, яны ўтварыліся ад дзеяння тупога цвёрдага прадмета або прадметаў. Пры гэтым канкрэтызаваць гэты прадмет, які траўміруе, немагчыма», — кажа эксперт.

Гурманчук лічыць, што па ўсіх пашкоджаннях на галаве, руках і нагах можна сказаць, што яны ўтварыліся незадоўга да наступлення смерці, аднак дакладна ўстанавіць прычыну смерці па фатаграфіях немагчыма.

Кім быў Дзмітрый Усхопаў?

Пра загінулага вядома няшмат, блізкія распавялі «Медыязоне», што ён займаўся футболам, вучыўся ў мінскай школе алімпійскага рэзерву «Дынама-Мінск» і прайшоў службу ў войску.

Крыху больш інфармацыі можна даведацца з сацсетак мужчыны. У яго засталася 5-гадовая дачка, а працаваў ён ва УП «Гомельаблгаз», пра што сведчыць адна з фатаграфій.

Служыў у разведцы і працаваў у «Гомельаблгаз». Што вядома пра Дзмітрыя Усхопава, які загінуў у навагоднюю ноч у Рэчыцы?

Фота з асабістай старонкі Дзмітрыя

Акрамя таго, ёсць і шэраг фатаграфій са службы ў войску, на адной з якіх прысутнічае сцяг разведкі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама віншаванне з днём разведчыка, што гаворыць аб тым, у якіх войсках ён служыў. Па фота можна меркаваць, што службу мужчына праходзіў у перыяд 2018-2019 гг. у 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння, якая базуюцца ў Мар’інай Горцы.

Дапоўнена (03.01.2022 22:10): Паводле ўдакладненых звестак, Дзмітрый Усхопаў служыў у разведвальным батальёне 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады ў п. Заслонава. Хутчэй за ўсё, мужчына праходзіў службу ў войску ў 2015-2016 гг.

Акрамя таго, сёння СК заявіў, што загінулы Усхопаў неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак нам вядома, што гэта не так, у Дзмітрыя быў толькі штраф за пераход дарогі ў неналежным месцы.

СК таксама піша, што ў крыві загінулага было 4,3‰ алкаголю, а пры ім выявілі пакет з марыхуанай і сцвярджаюць, што сляды аналагічнага рэчыва выявілі і ў мачы памерлага. Аднак яшчэ ўчора ў прапагандысцкіх ТГ-канал распаўсюджвалася інфармацыя, што загінулы збіраўся купляць амфетамін, а ніяк не марыхуану.

Калі ў вас есць дадатковая інфармацыя, просьба ананімна паведаміць у @motolko_bot або праз форму для зваротнай сувязі.

Гэтае поле абавязкова для запаўнення
Папярэдні матэрыял
Кітай запусціў грузавы чыгуначны маршрут у абыход Беларусі
Наступны матэрыял
McDonald's, МАЗ і БТА Банк: Якія інтарэсы маюць у Беларусі казахскія бізнэсоўцы?

Iншыя матэрыялы