На русском языке:
Минская гимназия при поддержке посольства РФ проводит конкурс «Кремлёвская ёлка»
Апублікаваныя палажэнні конкурсу.
На сайце мінскай гімназіі №50 з’явілася інфармацыя аб правядзенні конкурсу сярод навучэнцаў 2-5 класаў пад назвай «Крамлёўская ёлка».
Мэтай конкурсу называецца «ўмацаванне сяброўскіх адносін паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь». Заданні на гэтым конкурсе не менш цікавыя, напрыклад «падрыхтаваць малюнак-паштоўку на тэму «Белорусские школьники на Кремлёвской ёлке» або «падрыхтаваць апавяданне-сачыненне на тэму «Новогодние приключения белорусов в Москве» (не более чем 500 знаков)» (арфаграфія арыгінала).
І, натуральна, пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца… паездкай у Маскву на Крамлёўскую ёлку. У палажэннях аб правядзенні конкурсу паведамляецца, што «фінансаванне паездкі пераможцаў Конкурсу ў Маскву на Крамлёўскую ёлку ажыццяўляецца за кошт пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь».
Больш за тое, учора ўжо адбылося ўрачыстае адкрыццё конкурсу і школа апублікавала некалькі здымкаў у сваім Instagram, а ў апісанні сказана наступнае:
«Дзякуючы запрашэнні надзвычайнага і паўнамоцнага пасла РФ у Рэспубліцы Беларусь Барыса Грызлова 40 навучэнцаў 2-5 класаў і педагогаў змогуць пабываць на сапраўднай Крамлёўскай ёлцы».
А яшчэ на мерапрыемстве прысутнічалі дарадца і два сакратары амбасады РФ у РБ. Наогул, падобна, што ў беларускія школы ўсё часцей сталі пранікаць такія «пракрамлёўскія сімвалы», бо літаральна ўчора канал «Паглядзі, брахня?» паведаміў, што ў іншай беларускай школе прапануюць зрабіць дзіцяці навагодняе мастацкае фота на фоне Крамля.