Выданне «Наша Ніва» атрымала здымкі сапраўдных дакументаў, што былі напісаныя рукой біскупа Баляслава Слосканса, і зараз захоўваюцца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. Гэтыя дакументы адшукаў пробашч беларускай парафіі ў Лондане Сяргей Стасевіч. І дзякуючы ім, можна сказаць, што «мошчы» — гэта падробка.
1. Па дакументах можна параўнаць почырк біскупа Слосканса з почыркам у дакуменце далучанага да мошчаў — яны не супадаюць.
2. Не супадае і подпіс біскупа.
3. Калі б у біскупа захоўваліся мошчы святой, пра гэта ведалі б звязаныя з ім людзі, у тым ліку беларус-біскуп Часлаў Сіповіч. Але ніякай такой інфармацыі няма.
І яшчэ адзін дадатковы момант: На пачатку дакументу напісана ARCHIDIOECESIS MINSCENSIS-MOHILOVIENSIS LATINORUM (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Але!
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія была ўтворана толькі 13 красавіка 1991 года аб’яднаннем Мінскай і Магілёўскай архідыяцэзій. На сайце Ватыкану ёсць афіцыйны дакумент аб утварэнні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Нагадаем, што па-першае, Баляслаў Слосканс быў апостальскім адміністратарам архідыяцэзіяў Магілёву і Менску — асобна, а па-другое, і бадай галоўнае, ён памёр у 1981 годзе, амаль за 10 год да аб’яднання архідыяцэзіяў.