In English:
A representative of the Hungarian MFA attended Makei’s funeral
На русском языке:
На похоронах Макея был представитель МИДа Венгрии
Па нашых дадзеных, у сённяшняй цырымоніі развітання з Уладзімірам Макеем прыняў удзел былы пастаянны прадстаўнік Венгрыі ў НАТА, а цяпер дзяржсакратар адказны за палітыку бяспекі ў МЗС Венгрыі Петэр Старай (Péter Sztáray).
Ён прыляцеў у Мінск сёння раніцай на борце Airbus A319-112 ВПС Венгрыі ў 09:42 (мінскі час) і зляцеў пасля заканчэння цырымоніі.
Звяртае на сябе ўвагу, што ні на сайце МЗС Венгрыі, ні ў венгерскіх СМІ няма ўвогуле ні слова пра візіт высокапастаўленага чыноўніка з краіны-сябра ЕС у Беларусь.
Не выключана, што гэта не моцна хацелі выдаваць, бо нават на фатаграфіях, апублікаваных сёння ў дзяржСМІ, няма венгерскага чыноўніка буйным планам. Нам удалося знайсці толькі адно фота, дзе стаіць мужчына ў чырвонай куртцы і шапцы, які падобны на Петэра Старая, але сказаць адназначна, што гэта ён – нельга. Можаце параўнаць самастойна.
Характэрна, што пасля цырымоніі, прадстаўнік МЗС Венгрыі і экс-пастаянны прадстаўнік у НАТА паляцеў не абы-куды, а на саміт НАТА ў Бухарэсце, які адкрыўся сёння. Борт Airbus A319-112 ВПС Венгрыі з бартавым нумарам 604 вылецеў у 16:07 з MSQ і прыляцеў у Бухарэст у 17:11 (EET).