Выданне «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што дзяржава разглядае магчымасць продажу мабільнага аператара МТС і «Белтэлекама» адной з турэцкіх кампаній.
У дадзены момант 51% акцый МТС належыць дзяржаве ў асобе «Белтэлекам», яшчэ 49% — расійскім «Мабільным ТэлеСістэмам». Крыніцы паведамляюць, што расійскі МТС не супраць такой здзелкі.
«За беларускую долю хочуць 300 мільёнаў даляраў, але гэта малаімаверная сума, бо прадаць актыў у Беларусі ўжо даволі складана. Спрашчае сітуацыю тое, што туркі ўжо прысутнічаюць на рынку, Life належыць Turkcell-у», — паведамляе крыніца .
Учора стала вядома, што новым дырэктарам МТС стаў Уладзіслаў Андрэйчанка. На гэтую пасаду яго, сына старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, прызначыў асабіста Лукашэнка. Па нашай інфармацыі, 9 верасня Мінск наведвала кіраўніцтва расійскага МТС.