In English:
Onet: According to one of the versions, the Russian missile near Bydgoszcz flew from the direction of Belarus
На русском языке:
Onet: По одной из версий, российская ракета под Быдгощем прилетела со стороны РБ
У канцы мінулага тыдня польскія СМІ паведамілі, што ў лесе каля населенага пункта Замосць, што ў 15 км ад Быдгашча, былі знойдзены абломкі неапазнанага ваеннага абʼекта.
Пазней пачалі зʼяўляцца дадзеныя, што гэта абломкі расійскай ракеты X-55, і вось, сёння раніцай выданне Onet апублікавала матэрыял, дзе сабрала вядомыя падрабязнасці і версіі, як гэтая ракета ўвогуле магла апынуцца на тэрыторыі Польшчы.
Месца падзення ракеты ў Польшчы / wyborcza.pl
Па дадзеных журналістаў, першапачатковая версія была ў тым, што знойдзеныя абломкі належаць снараду Другой сусветнай вайны, але яна хутка змянілася на іншыя гіпотэзы. Так, у мінулую пятніцу генерал Томаш Піятроўскі сказаў, што абʼект можа быць звязаны «з падзеямі сярэдзіны снежня мінулага года, калі рускія ажыццявілі масіраваны абстрэл Украіны».
Пра гэта заявіў і прэмʼер Матэвуш Маравецкі, кажучы, што 16 снежня 2022 года натаўскія самалёты F-35 і польскія самалёты былі паднятыя па трывозе для адсочвання траекторыі ракеты, якая апынулася на тэрыторыі Польшчы. І факт у тым, што тады ракеты не знайшлі.
Абломкі ракеты, знойдзенай пад Быдгашчам / wolski_jaros
Паводле звестак журналістаў, на дадзены момант самая сурʼёзная гіпотэза, якую прымаюць да ўвагі следчыя, у тым, што «16 снежня расейская ракета X-55 была выпушчаная з расейскага самалёта, які пралятаў над тэрыторыяй Беларусі».
Тое, што знойдзеныя абломкі сапраўды належаць расейскай ракеце X-55, журналістам пацвердзіў і адзін з высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў: «Так. Хутчэй за ўсё гэта расейская ракета».
Абломкі, знойдзеныя пад Быдгашчам / wolski_jaros
Нягледзячы на тое, што версія не зʼяўляецца афіцыйнай і канчатковай, вайсковы эксперт Яраслаў Вольскі паспрабаваў рэканструяваць палёт ракеты і прыйшоў да версіі, што «пуск быў ажыццёўлены з-пад Смаленска па Кіеве. Адна з ракет адхілілася і накіравалася ў бок Польшчы праз тэрыторыю Беларусі».
Маршрут палёту ракеты, які прапанаваў ваенны эксперт / wolski_jaros
Што пра гэта можа сказаць «Беларускі Гаюн»?
Перш за ўсё, у падобных выпадках мы аналізуем усю наяўную ў нас інфармацыю. Па-першае, нам вядома, што ў той дзень – 16 снежня – у неба паднімаўся ДРЛО Іл-76 А-50У «Сяргей Атаянц» разам з МіГ-31К ПКС РФ. У першай палове дня праводзіліся трэніровачныя палёты знішчальнікаў на аэрадромах «Ліда» і «Баранавічы».
Авіяцыйная актыўнасць на тэрыторыі Беларусі 16 снежня 2022 г. / hajun.by
Аднак за ўвесь дзень запускаў ракетаў з тэрыторыі Беларусі зафіксавана не было.
Цяпер пару слоў па версіі Яраслава Вольскага. Эксперт піша, што ракета магла быць выпушчана ў раёне Смаленска. У той час як усе астатнія снарады накіроўваліся ў бок Кіева, гэты «пайшоў у вольны палёт» і, праляцеўшы ≈940 км, зваліўся пад Быдгашчам.
Варта разумець, што звычайна такія ракеты ляцяць на вышыні пары дзясяткаў метраў, і іх складана не заўважыць. А мяркуючы па карце Вольскага, яна магла праляцець над буйнымі гарадамі: Магілёў, Дзяржынск, Навагрудак, ну і пад Мінскам.
Абломкі ракеты, знойдзенай пад Быдгашчам / wyborcza.pl
У такім выпадку, калі яна праляцела праз усю краіну, нерэальна, каб ніхто яе не заўважыў. Але Вольскі таксама піша, што магла адбыцца адмова сістэмы навігацыі, і ў такім выпадку яна магла ляцець увогуле на любой вышыні. І так, днём яе б усё роўна заўважылі, але калі яна ляціць высока, ноччу і ў дрэннае надворʼе? У такім выпадку верагоднасць, што снарад бы ніхто не ўбачыў, вышэйшая.
Месца падзення / Польскія СМІ
Акрамя таго, адзначым, што на фота і відэа, якія публікуюць СМІ, бачныя абломкі і месца прызямлення, па якім можна адназначна сказаць, што ракета не ўзарвалася, лес вакол бы «разляцеўся ў трэскі» і зʼявілася буйная варонка. Як прыклад, дастаткова паглядзець здымкі ад падзення снарада ФАБ-500 у расійскім Белгарадзе ў красавіку гэтага года. Параўноўваць гэта досыць карэктна, бо баявая частка ФАБ мае масу каля 300 кг, а ў Х-55 яна больш за чатырыста.
Варонка ад прылёту ФАБ-500 у Белгарадзе / colonelcassad.livejournal
Гэта азначае, што ракета была запушчана ўвогуле без баявой часткі, да прыкладу, яна магла запускацца для вызначэння СПА Украіны. У адваротным выпадку мы б убачылі на фота варонку або як мінімум дзясяткі абгарэлых і паламаных дрэў. Прынамсі, можна сцвярджаць, што на месцы падзення ўжо папрацавала тэхніка, на што паказваюць спілы на дрэвах.
Рэшткі ракеты і пень ад дрэва / wyborcza.pl
Тым не менш паўторым, што, зрахаваўшы дадзеныя, мы можам сказаць, што ў нас няма звестак аб запусках або пралётах ракет над РБ у той дзень. Таму будзем сачыць за канчатковымі высновамі сьледзтва ў Польшчы.