Орхуская канвенцыя: ліквідацыя «Экадома» прызнана пераследам і прыгнётам НДА

Фота: ecohome-ngo.by
4 хв.

На русском языке: Орхусская конвенция: ликвидация «Экодома» признана преследованием и притеснением НГО

Учора, 21 кастрычніка, на Сёмай Сустрэчы Бакоў Орхускай канвенцыі ў Жэневе было прынята Рашэнне па Беларусі, якое прызнала ліквідацыю грамадскага аб’яднання «Экадом» выпадкам пераследу і прыгнёту НДА, – пра гэта гаворыцца на сайце арганізацыі. Адзначаецца, што гэта першы выпадак у 20-гадовай гісторыі Канвенцыі, калі ўсе спробы дасягнуць кансэнсус былі вычарпаныя і бакі вымушаныя былі звярнуцца да прыняцця рашэння галасаваннем.

Орхуская канвенцыя: ліквідацыя «Экадома» прызнана пераследам і прыгнётам НДА

Юрыст Сяргей Магонаў і дырэктар ГА «Экадом» Марына Дубіна / Фота: ecohome-ngo.by

Спецыялісты «Экадома» адзначаюць, што рашэнне не толькі прызнае ліквідацыю арганізацыі парушэннем Канвенцыі, але і прадугледжвае прыпыненне для Беларусі правоў і прывілеяў па Канвенцыі, калі краіна не зробіць крокі для аднаўлення рэгістрацыі «Экадома» да 1 снежня 2021 года. Прыпыненне ўступіць у сілу з 1 лютага 2022 года.

У галасаванні ўдзельнічала 39 краін. «За» адмену рашэння аб ліквідацыі арганізацыі прагаласавалі 27 краін ЕС, Грузія, Ісландыя, Чарнагорыя, Нарвегія, Швейцарыя, Сербія, Вялікабрытанія. «Супраць» – Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Арменія. Малдова ўстрымалася.

«Прыняцце рашэння па Беларусі з важнымі высновамі і рэкамендацыямі сапраўды паказвае прыхільнасць духу экалагічнай дэмакратыі. І гэта безумоўна важна, як для асобных людзей і арганізацый, так і для прасоўвання прынцыпаў самой канвенцыі. Так мы прызнаём, што лёс асоб, якія рэалізуюць экалагічныя правы з’яўляецца вельмі значным і Канвенцыя спрыяе іх абароне»цытуе дырэктар «Экадома» Марына Дубіна сайт арганізацыі.

Медыяэксперт Серж Харытонаў у сваім тэлеграм-канале адрэагаваў на гэтую навіну і зрабіў некалькі важных заўваг.

  • Так, наша краіна выключана са спісу атрымальнікаў міжнароднай дапамогі для фінансавання праектаў у галіне экалогіі. Акрамя гэтага Беларусь «абавязалі сфарміраваць да 1 ліпеня 2022 года план дзеянняў па інфармаванні насельніцтва Літвы пра работу БелАЭС. Сённяшняе рашэнне краін-удзельніц Канвенцыі можа стаць каталізатарам для далейшага пашырэння санкцыйнага рэжыму супраць мінскай хунты. На гэты раз – за сістэмныя парушэнні ў галіне доступу грамадзян Беларусі і ЕС да экалагічнага правасуддзя».
  • Рашэнне ставіць пад сумнеў далейшы ўдзел Беларусі ва ўсіх астатніх пагадненнях па экалогіі. Зараз Беларусь удзельнічае ў прыкладна 20 экалагічных канвенцыях. Галасаванне з высокай доляй верагоднасці падыме на міжнародны ўзровень і пытанне далейшага доступу Беларусі да ядзерных тэхналогій (БелАЭС).
  • У Беларусі міжнародныя экалагічныя праекты – гэта велізарныя бюджэты. Самы гучны скандал з грашыма на экалогію здарыўся ў 2015 годзе пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН (ПРААН), калі журналіст Андрэй Барадзін высвятліў, што грошы ЕС у конкурсе «зялёных» ініцыятыў атрымалі «экалагічныя арганізацыі», пра якія эколагі і эксперты ніколі не чулі.
  • Таццяна Кананчук, якая раней займалася тэмай экалогіі ў Палаце прадстаўнікоў, а цяпер – у Мінпрыроды, з высокай трыбуны заявіла, што беларускія НДА, а прыватнасці, «Экадом», ліквідавалі сябе самі, каб прыцягнуць да сябе ўвагу і дадатковае фінансаванне. Але пры гэтым Кананчук і яе калегі выступаюць супраць незалежных экалагічных арганізацый – і адначасова праводзяць у Беларусі форумы пра важнасць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю.

«Экадом» – адна з найстарэйшых некамерцыйных экалагічных арганізацый у Беларусі, заснаваная ў 1996 годзе для прасоўвання экалагічна дружалюбнага ладу жыцця і ідэй устойлівага развіцця.

Орхуская канвенцыя – канвенцыя Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя». Мэта Канвенцыі – падтрымка абароны правоў чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе для яго здароўя і дабрабыту, на доступ да інфармацыі, на ўдзел грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і на доступ да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя. Канвенцыя для Беларусі ўступіла ў сілу 30.10.2001г.

Папярэдні матэрыял
Зліў: Кавалёў дамаўляецца пасадзіць самалёт «айцішнiка», які пагражаў Балабе?
Наступны матэрыял
Платформа «еЗдароўе» запускае тыдзень пытанняў і адказаў пра COVID-19

Iншыя матэрыялы