Прапагандыстка расказала пра новыя танкі ў беларускім войску. Праўда, тут сітуацыя як у тым жарце: мы ведаем дзве беларускія арміі, адна з якіх баяздольная і непераможная, а другая — існуе ў рэальнасці.

4 хв.

На русском языке: Пропагандистка рассказала про новые танки в беларусской армии. Но есть нюанс

Прапагандыстка ВаенТБ Святлана Смык у нядзельным выпуску праграмы «Арсенал» адрэагавала на заяву генерала Вальдэмара Скшыпчака (былы камандуючы Сухапутнымі войскамі Польшчы). Нядаўна генерал заявіў, што польскім узброеным сілам спатрэбіцца 2-3 гадзіны, каб знішчыць беларускае войска, узброенае «кучай металалому».

Натуральна, што такая зневажальная ацэнка закранула пачуцці прапагандыстаў. У якасці контраргумента на «кучу металалому» ВаенТБ распавяло аб абнаўленні танкавага парку УС РБ:

«А вось танкавыя падраздзяленні беларускай арміі атрымліваюць на ўзбраенне новыя Т-72Б3».

Сапраўды, ва УС РБ ёсць 19 (у некаторых крыніцах — 20) танкаў Т-72Б3 узору 2016 г. Іх пастаўка ажыццяўляецца невялікімі партыямі: у 2017 г. войска атрымала 4 танкі, у 2018-м — 10 і ў 2020-м — яшчэ 5. Танкі знаходзяцца на ўзбраенні 120-й механізаванай брыгады.

Пры гэтым пасля 2020 г. Т-72Б3 УС РБ не пастаўляліся. Ад каго беларускія вайскоўцы працягваюць атрымліваць новыя танкі, прапагандыстка не ўдакладняла.

Узгадваліся і танкі, мадэрнізаваныя сіламі беларускага ВПК:

«Паступаюць і мадэрнізаваныя на айчынных прадпрыемствах Т-72БМ2».

Т-72БМ2 — беларуская мадэрнізацыя танка Т-72Б. Упершыню танк быў прадэманстраваны ў ліпені 2022 г. У лістападзе таго ж года апублікавалі ягоныя тэхнічныя характарыстыкі. Работу па мадэрнізацыі выконвае 140-ы рамонтны завод у Барысаве.

Раней паведамлялася, што серыйная мадэрнізацыя танка Т-72БМ2 пачнецца ў 2023 г., і ў войскі паступяць першыя 20-30 машын. Аднак гэтага не адбылося. У выніку дэдлайн зрушыўся, і першыя мадэрнізаваныя танкі войска атрымае сёлета.

Атрымліваецца, што ніводнага танка яшчэ не выехала за вароты 140-га рамонтнага завода ў вайсковыя часці. Аднак прапагандыстка ганарліва заяўляе, што танкі ўжо поўным ходам паступаюць у войска.

Тут хочацца ўспомніць старую салдацкую мудрасць пра два беларускія войскі. Адно войска паказваюць па ВаенТБ (яно моцнае, непераможнае і ўзброена па апошнім слове тэхнікі). Іншая армія існуе ў рэальнасці (з цэлым букетам праблем і недахопаў).

І гэта два паралельныя сусветы, якія не перасякаюцца паміж сабой. Прыклад з танкамі добра гэта ілюструе.

Папярэдні матэрыял
У Гомелі адкрылі школьны музей, дзе ўсхваляюць Лукашэнку з міліцыяй і паліваюць брудам удзельнікаў пратэстаў
Наступны матэрыял
Цэнтр беларускай салідарнасці: Польскія дзяржорганы перадалі дадзеныя беларусаў з дадатковай абаронай у амбасаду РБ у Польшчы

Iншыя матэрыялы