Прэм’ер Польшчы хоча абмеркаваць пытанне поўнага закрыцця мяжы ЕС з Беларуссю

Stephanie Lecocq / EPA-EFE / Shutterstock
1 хв.

In English: The Prime Minister of Poland wants to discuss the issue of complete closure of the EU border with Belarus
На русском языке: Премьер Польши хочет обсудить вопрос полного закрытия границы ЕС с Беларусью

Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі ў інтэрв’ю польскаму выданню PAP заявіў, што Польшча разам з Літвой і Латвіяй разглядае ўвядзенне 4-га артыкула НАТА з-за сітуацыі на беларуска-польскай мяжы. У тым ліку будзе абмяркоўвацца пытанне поўнага закрыцця межаў з Беларуссю.

«Крызіс, з якім мы маем справу, тычыцца не толькі Літвы, Латвіі і Польшчы, але і ўсёй супольнасці. Больш за тое, ёсць разуменне таго, што Лукашэнка не адмовіцца ад штурму мяжы, калі мы не будзем дзейнічаць разам. Таму мы абавязкова абмяркуем далейшыя санкцыі, у тым ліку поўнае закрыццё мяжы і, такім чынам, адключэнне рэжыму ад эканамічных выгод. Мы абмяркуем дадатковыя санкцыі ўжо падчас наступнага спецыяльнага саміту Рады Еўропы, пра які я прасіў», – сказаў Маравецкі.

Артыкул 4 дамовы НАТА прадугледжвае скліканне рады Паўночнаатлантычнага альянсу, калі адна з краін-саюзніц лічыць, што яе бяспека пад пагрозай.

«Ужо недастаткова публічна выказваць сваю заклапочанасць. Цяпер патрэбныя канкрэтныя крокі і ўдзел усяго альянсу», – сказаў прэм’ер Польшчы.

Нагадаем, на беларуска-польскай мяжы сёмы дзень знаходзіцца больш за тысячу мігрантаў з Блізкага Усходу. Яны начуюць у буданах і намётах, хварэюць, вядома пра некалькі смерцяў. Да мяжы іх даставілі беларускія сілавікі і не далі легальна трапіць у Польшчу праз афіцыйны памежны пераход. З таго часу мігранты апынуліся ў пастцы: пакуль палякі не пускаюць іх на тэрыторыю Польшчы, беларускія сілавікі не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь. У ЕС лічаць, што беларускія ўлады штучна арганізавалі паток бежанцаў з Блізкага Усходу і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй.

Папярэдні матэрыял
Беларускія сілавікі прывялі да мяжы Польшчы новую калону мігрантаў
Наступны матэрыял
Завершанае расследаванне па справе Эдуарда Пальчыса

Iншыя матэрыялы