На русском языке:
Путин приказал прекратить огонь в Украине на время православного Рождества. Как отреагировала беларусская пропаганда?
Інфармацыя па стане на 15:00 (па менскім часе).
5 студзеня стала вядома, што Пуцін даручыў EС РФ спыніць агонь на час праваслаўных Калядаў. Цытата з прэс-рэлізу на сайце адміністрацыі прэзідэнта РФ:
«Улічваючы зварот Найсвяцейшага Патрыярха Кірыла, даручаю Міністру абароны Расійскай Федэрацыі ўвесці з 12.00 6 студзеня 2023 года да 24.00 7 студзеня 2023 года рэжым спынення агню па ўсёй лініі баявога судотыку бакоў на Украіне».
Як на навіну адрэагавала беларуская прапаганда?
БелТА: Патрыярх Кірыл заклікаў устанавіць каляднае перамір’е ва Украіне і Данбасе → Пуцін загадаў спыніць агонь па ўсёй лініі судотыку ва Украіне → Прэзідэнт Украіны Зяленскі адмовіў прапанове Расіі пра каляднае перамір’е.
Сама ж прапанова Пуціна выклікала неадназначную рэакцыю ў свеце.
АТН: У тг-канале – нататка пра даручэнне Пуціна спыніць агонь і каментар кіраўніка СНБА Украіны Аляксандра Данілава, што Украіна не будзе весці перамоваў пра «каляднае перамір’е». Таксама ў дзённым выпуску навін была інфармацыя пра заклік патрыярха Кірылы забяспечыць перамір’е бакоў на Каляды. Пазней у тг-канале публікавалася інфармацыя, што «Нягледзячы на выкананне 6 студзеня з 12:00 расійскай групоўкай войскаў рэжыму спынення агню , кіеўскі рэжым працягнуў артылерыйскія абстрэлы населеных пунктаў і пазіцый расейскіх войскаў».
АНТ: Нататкі ў тг-канале — Пуцін даручыў спыніць агонь і Кіеў адмовіўся падтрымаць «каляднае перамір’е». А ў вячэрнім выпуску навін была інфармацыя пра заклік патрыярха Кірылы да перамір’я, і пра даручэнне Пуціна спыніць агонь. Пр рэакцыю ўкраінскага боку ў сюжэце не паведамлялася.
СТБ: У вячэрнім выпуску навін пра перамір’е не паведамлялася. Таксама ў тг-канале была нататка пра ўвядзенне рэжыму спынення агню.
Советская Белоруссия: нататка пра аб’яўленне Пуціным перамір’я і адмову ўкраінскага боку. Таксама ў канале было апублікавана відэа залпу з РСЗА «Град» з подпісам: «Рускія ваяры шлюць маляўнічыя агні для УСУ на святы».
Так званы палітолаг Шпакоўскі ў сваім тг-канале запусціў галасаванне «Ці прымуць украінскі рэжым і яго гаспадары Каляднае перамір’е, прапанаванае Прэзідэнтам РФ У. Пуціным? ». Большасць тых, хто прагаласаваў, мяркуюць, што Украіна не пагодзіцца на перамір’е. Іншай рэакцыі ад праўладнай экспертнай супольнасці не адзначалася.
Варта адзначыць, што ў шэрагу прапагандысцкіх ТГ-каналаў схема асвятлення перамір’я была аналагічнай: патрыярх Кірыл заклікаў → Пуцін загадаў → Зяленскі адмовіўся. Месцамі распаўсюджваўся наратыў, што раз Украіна (у асобе Зяленскага) адмовілася ад перамір’я, то менавіта яна вінаватая ў працягу вайны і кровапраліцця.
Улічваючы паведамленні, што, нягледзячы на перамір’е, УСУ працягвае абстрэлы пазіцыі УС РФ, можна чакаць яшчэ большае пашырэнне наратыву пра віну Зяленскага і «вайну да апошняга ўкраінца».
Працягваем сачыць за развіццём сітуацыі.