Расейцы вярбуюць беларускіх студэнтаў для зборкі БПЛА? Усё не зусім так, як пішуць СМІ

4 хв.

In English: Are Russians recruiting Belarusian students to assemble UAVs? It is not quite as the media say
На русском языке: Россияне вербуют беларусских студентов для сборки БПЛА? Всё не совсем так, как пишут СМИ

Шэраг украінскіх і беларускіх СМІ паведамілі, што на Міжнародным маладзёжным форуме «БПЛА-2024», які праходзіў у БДТУ ў Мінску, расіяне нібыта займаліся вярбоўкай беларускіх студэнтаў для зборкі БПЛА.

Паведамляецца, што на форуме былі заўважаныя прадстаўнікі ПВК «Вагнер», а мэта гэтага форуму, паводле словаў СМІ, — «максімальна прыцягнуць маладых беларусаў да распрацоўкі і вытворчасці БПЛА для УС РФ ва ўніверсітэце Казані». Куратарамі ж форуму нібыта з’яўляюцца дзяржсакратар так званай «саюзнай дзяржавы» Зміцер Мезенцаў і амбасадар РФ Барыс Грызлоў. А дадзены форум, на думку СМІ, увогуле з’яўляецца «расійскай пляцоўкай для вярбоўкі».

Расейцы вярбуюць беларускіх студэнтаў для зборкі БПЛА? Усё не зусім так, як пішуць СМІ

Давайце разбяромся з гэтымі тэзамі падрабязней

Так, з 22 па 26 красавіка ў БДТУ праходзіў Міжнародны маладзёжны форум па распрацоўцы БПЛА і сярод удзельнікаў сапраўды быў Казанскі нацыянальны даследчы тэхнічны ўніверсітэт. Аднак усё не зусім так, як пішуць СМІ.

Па-першае, роля «куратараў» Мезенцава і Грызлова ў дадзеным мерапрыемстве прыкметна перабольшана. Так, Мезенцаў быў на мерапрыемстве проста як ганаровы госць, а ўдзел Грызлова заключаецца толькі ў накіраванні вітальнага ліста ўдзельнікам.

Расейцы вярбуюць беларускіх студэнтаў для зборкі БПЛА? Усё не зусім так, як пішуць СМІ

Барыс Грызлоў

Па-другое, гэты форум нельга назваць чыста «расійскай пляцоўкай», бо там таксама былі паслы Узбекістана і ААЭ і прадстаўнікі з Кітая.

Што ж тычыцца іншых аспектаў, то на форуме сапраўды былі паказаны БПЛА розных тыпаў як для мірных мэт, так і баявога прызначэння. А БДТУ сапраўды заключыў пагадненне з Казанскім нацыянальным даследчым тэхнічным універсітэтам па рэалізацыі адукацыйнай праграмы ў рамках двух дыпломаў «Праектаванне і тэхналогія беспілотных лятальных апаратаў». Але таксама былі падпісаны пагадненні з Сахалінскім дзяржаўным універсітэтам і Маскоўскім авіяцыйным інстытутам. З апошнім пагадненне прадугледжвае запуск сумеснай магістарскай праграмы па беспілотніках у фармаце «1+1», гэта значыць адзін год студэнты будуць вучыцца ў Маскве, а другі – у Мінску ці наадварот.

Эксперты маніторынгавай групы iSANS Belarus прааналізавалі гэтыя дамовы і высветлілі, што там не ідзе гаворкі пра працаўладкаванне беларускіх студэнтаў на вайсковых прадпрыемствах РФ. Акрамя таго, эксперты не знайшлі ніякіх пацверджанняў прысутнасці на форуме прадстаўнікоў ПВК «Вагнер».

«Заявы аб Моладзевым форуме па распрацоўцы БПЛА як аб пляцоўцы для вярбоўкі расейцамі беларускіх маладых людзей, на наш погляд, зʼяўляюцца перабольшаннем.

Безумоўна, расейскі бок зацікаўлены ў тым, каб выкарыстоўваць беларускія распрацоўкі ў галіне БПЛА. Але асноўную мэту правядзення форуму мы бачым у тым, каб стварыць паўнавартасную базу для праектавання і вытворчасці БПЛА для патрэб Беларусі», – сказалі эксперты iSANS Belarus.

Падрыхтавана маніторынгавай групай iSANS Belarus.

Папярэдні матэрыял
Да расейскай мяжы перакідвалі СПА для аховы Лукашэнкі? Гэтая актыўнасць можа быць звязаная з хуткім візітам ў Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці.
Наступны матэрыял
Працягваецца развіццё інфраструктуры аэрадрома "Ліда": там праходзіць рамонт ВПП і хованкі для самалётаў.

Iншыя матэрыялы