Святлана Ціханоўская: Мы працуем над тым, каб беларусы не засталіся без пашпартоў

Офіс Святланы Ціханоўскай
5 хв.

На русском языке: Светлана Тихановская: Мы работаем над тем, чтобы беларусы не остались без паспортов

Святлана Ціханоўская: «Сёння рэжым Лукашэнкі адмовіў беларусам у консульскай дапамозе. Тым самым дзяржава самаўстаранілася з яшчэ адной сферы жыцця, дзе павінна клапаціцца аб грамадзянах. Многія важныя паслугі становяцца недаступнымі – напрыклад, нельга будзе памяняць пашпарт у пасольствах і консульствах. А значыць, тыя з вас, хто не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, рызыкуюць застацца без найважнейшага дакумента для легальнага жыцця і працы за мяжой.

Мы ладзім кансультацыі з тымі краінамі, дзе знаходзяцца беларусы, каб вырашаць праблемы беларусаў на заканадаўчым і выканаўчым узроўні. Ужо ў гэтым месяцы мы правядзем кансультацыі з Еўракамісіяй, а таксама я ўзніму гэтае пытанне перад Еўрапарламентам і падчас Генасамблеі ААН.

Ужо зараз Польшча і Літва выдаюць праязныя дакументы – так званы пашпарт замежніка – для беларусаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта або скончыліся старонкі, але ёсць дазвол на пастаяннае пражыванне, часовае знаходжанне або іншыя дакументы, якія даюць права легальна знаходзіцца ў краіне. Мы ведаем аб праблемах з легалізацыяй дзяцей беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся пасля 2020 года не ў Беларусі, і працуем над іх вырашэннем.

Мы рыхтуем да запуску выдачу новых пашпартоў Беларусі і працуем над іх прызнаннем. Гэта працэс не хуткі, і тут нам патрэбная будзе дапамога ўсіх беларусаў, якія жывуць за мяжой. Нам неабходна будзе заручыцца падтрымкай урадаў краін, дзе пражываюць беларусы. Мы спадзяемся, што пашпарт зможа вырашыць шэраг праблемаў з легалізацыяй.

Дарагія беларусы, я прашу вас не паддавацца паніцы і не рабіць неабдуманых учынкаў. Нават калі ваш пашпарт заканчваецца, не варта вяртацца на радзіму, калі вам пагражае пераслед. Бо ніводны дакумент у свеце не варты чалавечай свабоды. Галоўнае – паклапаціцеся пра сябе і сваю бяспеку. Бо людзі – гэта галоўная каштоўнасць Беларусі».

Папярэдні матэрыял
У консульстве Польшчы пакуль не пацвярджаюць аднаўленне прыёму дакументаў на турыстычную візу
Наступны матэрыял
Уначы 4 верасня цалкам перакрывалі чыгуначны рух пад Талачынам: ёсць звесткі пра стральбу

Iншыя матэрыялы