Нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская выступіць у Кангрэсе ЗША па пытаннях палітзняволеных і правядзе сустрэчы ў Белым доме і Дзярждэпартаменце. Пра гэта паведамляе канал Аб’яднанага пераходнага кабінету.
У графіку візіту, які працягнецца з 11 па 13 чэрвеня, – сустрэчы з прадстаўнікамі Рады нацыянальнай бяспекі ЗША, намеснікам сакратара па палітычных пытаннях Дзярждэпартамента Джонам Басам, ганаровым спікерам Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, старшынём Камітэта па замежных справах Сената Бенжамінам Кардзінам, старшынём падкамітэта па замежных справах Томасам Кінам-малодшым, дарадцам віцэ-прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Філам Горданам і інш.
Таксама плануюцца:
- сустрэчы з дыяспарай, групай «Сябры Беларусі» ў Кангрэсе ЗША, прадстаўнікамі Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці,
- брыфінг для паслоў і дыпламатаў, якія знаходзяцца ў Вашынгтоне,
- удзел дэмакратычнай лідаркі ў папулярных палітычных праграмах «Morning Joe show» і «Erin Burnett show» на CNN.