На русском языке:
Светлана Тихановская – о последовательной позиции в отношении режима и его соучастии в войне
Нацыянальная лідарка і кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра тое, што Украіна блакуе санкцыі ЕС у дачыненне рэжыма Лукашэнкі.
«Мы разумеем, што ўлады Украіны не хочуць правакаваць Лукашэнку. Але калі з’яўляюцца думкі пра тое, што гэта яго спыніць, – яны памылковыя. У пачатку 2022 ён абяцаў Украіне, што не будзе нападу. Мы ведаем, да чаго гэта прывяло.
Лукашэнка ніколі не трымае слова і будзе рабіць тое, што скажа Расія. Ён не выпадкова апынуўся ў такой сітуацыі. Ён не закладнік і не ахвяра – ён абраў інтэграцыю з Расіяй яшчэ ў 90-х, калі пачаліся падпісанні дакументаў пра саюзную дзяржаву. Ягоная палітыка прывяла да пачатку вайны супраць Украіны, а таксама да пагрозы незалежнасці Беларусі. Яго саўдзел у вайне дазволіў адбыцца генацыду ў Бучы, Ірпені, Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцях.
Таму саступкі яму ў разгар вайны толькі ствараюць для яго пачуццё беспакаранасці. Так ён упэўніваецца, што можа і далей праводзіць рэпрэсіі, забіваць людзей і дазваляць нападаць на Украіну з тэрыторыі Беларусі. А задача цывілізаванага свету – пазбегнуць беспакаранасці. Вінаватыя павінны панесці адказнасць – і нашая агульная задача гэтага дабіцца.
Беларусы, пра чые інтарэсы сапраўды трэба думаць – гэта беларускія актывісты, добраахвотнікі і валанцёры, якія дапамагаюць Украіне і змагаюцца супраць Расіі. Гэта людзі, якія сталі палітзняволенымі за свой пратэст супраць вайны ва Украіне і дыктатуры. Але дакладна гэта не Лукашэнка, які дае тэрыторыю Беларусі рускім салдатам і ракетам».