Святлана Ціханоўская правяла перамовы з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен

Офіс Святланы Ціханоўскай
3 хв.

In English: Sviatlana Tsikhanouskaya held negotiations with the president of the European Commission Ursula von der Leyen
На русском языке: Светлана Тихановская провела переговоры с главой Еврокомиссии Урсулой фон дер Ляйен

Падчас сесіі Генасамблеі ААН кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай урада Еўрапейскага Саюзу Урсулай фон дэр Ляен. Еўрапейская Камісія з’яўляецца галоўнай выканаўчай структурай ЕС – эквівалентам нацыянальнага ўрада. Адметна, што гэта была іх другая сустрэча з 2020 году і першая пасля стварэння галоўнай беларускай выканаўчай структуры сёлета ў жніўні.

Ціханоўская звярнула асаблівую ўвагу на тыя рызыкі, якія нясе для незалежнасці Беларусі апошняе рашэнне Пуціна пра мабілізацыю ў сувязі з поспехамі ўкраінскіх узброеных сілаў.

Падчас сустрэчы народны лідар заклікала прэзідэнтку ЕК да:
Захавання і ўзмацнення санкцый датычных рэжыму і яго памагатых, каб пазбаўляць іх рэсурсаў на правядзенне рэпрэсій і прымушаць вызваляць палітвязняў;
Прызнаць незаконным заканадаўства аб пазбаўленні грамадзянства беларусаў – апанентаў рэжыма.

Разам з тым, беларуская лідарка падкрэсліла важнасць захавання пагаднення ЕС з Беларуссю аб спрошчаных працэдурах атрымання візаў для беларусаў і новых практычных крокаў да вырашэння міграцыйных праблемаў.

Абмеркавалі таксама перспектывы выдзялення ЕС дадатковых сродкаў на дапамогу грамадзянскай супольнасці: праваабаронцам, медыям, культурным, адукацыйным, моладзевым і спартовым ініцыятывам. Сёлета дапамога ЕС для Беларусі складае 30 мільёнаў еўра, з улікам таго, што задачы грамадзянскай супольнасці Беларусі значна ўскладніліся пасля пачатку вайны. Кабінетам вядуцца перамовы з Еўрасаюзам пра павелічэнне аб’ёмаў дапамогі для Беларусі на наступны фінансавы год.

Папярэдні матэрыял
На сайце Дзярждэпа ЗША з'явіўся спецыяльны раздзел аб прыцягненні рэжымаў у Беларусі і РФ да адказнасці за вайну супраць Украіны
Наступны матэрыял
«Наша Ніва»: Сілавікам Лукашэнкі далі ўказанне адсочваць расейцаў, якія хаваюцца ад мабілізацыі

Iншыя матэрыялы