Святлана Ціханоўская правяла тэлефонны званок з Ангелай Меркель

Прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Абноўлена
2 хв.

In English: Sviatlana Tsikhanouskaya took a phone conversation with Angela Merkel
На русском языке: Светлана Тихановская провела телефонный звонок с Ангелой Меркель

Адбылася тэлефонная размова Святланы Ціханоўскай і Ангелы Меркель. Паведамляецца, што яны абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі.

Меркель пачала званок з фразы: «Гэта добрая магчымасць паразмаўляць, таму што вы былі не вельмі задаволеныя маёй размовай з Лукашэнкам».

Пазней на сайце нямецкага канцлера з’явілася паведамленне, дзе гаворыцца, што Ангела Меркель і Святлана Ціханоўская абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і складаную сітуацыю на мяжы паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Паведамляецца, што Меркель заявіла пра падтрымку беларускага дэмакратычнага руху і падкрэсліла, што афіцыйны Мінск павінен спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі і незалежных журналістаў, вызваліць зняволеных і ўступіць у сур’ёзны дыялог з грамадствам, каб пераадолець крызіс з дапамогай новых справядлівых і свабодных выбараў.

Афіцыйны тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай таксама паведамляе, што ў размове была закранута сітуацыя з палітвязнямі і адказ на эскалацыю рэпрэсій. Меркель запэўніла, што палітычнае кіраўніцтва Германіі зробіць усё магчымае, каб пакласці канец рэпрэсіям супраць грамадзянскай супольнасці.

Ціханоўская падзякавала Меркель за падтрымку народа Беларусі на працягу апошняга года і гатоўнасць захоўваць прынцыповасць у дачыненні да рэжыму: «Сёння мяне запэўнілі, што і ЕС і Германія будуць цвёрда прытрымлівацца палітыкі непрызнання рэжыму. Кансультацыі ў пытаннях вырашэння крызісу на мяжы не азначаюць, што пазіцыя ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі змянілася».

Святлана Ціханоўская таксама падкрэсліла, што разумее гуманітарныя мэты кантактаў Ангелы Меркель з Мінскам: «Жыцці і здароўе як мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС, так і грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў заложніках у рэжыма, павінны стаяць у цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці. Сітуацыю ж на мяжы трэба разглядаць толькі ў сукупнасці і праз прызму палітычнага крызісу ў Беларусі».

Папярэдні матэрыял
Лукашэнка пра перамовы з Ціханоўскай: «Як толькі Пуцін з Навальным сядуць за стол перамоваў»
Наступны матэрыял
Кіраўнікі парламентаў чатырох краін ЕС заклікалі неадкладна ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі

Iншыя матэрыялы