На русском языке:
Сегодня исполняется год инициативе BYPOL. Вспоминаем их лучшие материалы
Роўна год таму беларускія праваахоўнікі, якія не прызналі афіцыйныя вынікі выбараў 2020 года, арганізавалі ініцыятыву BYPOL. На пачатку яны каардынавалі пратэст, затым пачалі рэгулярна расследаваць злачынствы сілавікоў, якія ігнаруюцца следчымі органамі Беларусі. Таксама BYPOL стварыў мабілізацыйны план «Перамога», які закліканы вярнуць уладу народу Беларусі. Яго рэалізацыю BYPOL называе сваёй галоўнай задачай.
«За гэты год зроблена шмат: з некалькіх чалавек арганізацыя вырасла ў шматтысячную структуру, якая стане асновай праваахоўнай сістэмы ў новай дэмакратычнай і незалежнай Беларусі, дзе не будзе месца карупцыі і кумаўству, а павага і служэнне правам і законным інтарэсам грамадзян сапраўды стане галоўным прынцыпам працы», – напісаў сёння BYPOL у сваім тэлеграм-канале.
У той час, як беларускія следчыя органы прыпынілі крымінальную справу аб забойстве Рамана Бандарэнкі, паколькі нібыта не змаглі знайсці вінаватага, BYPOL прааналізаваў злівы размоў Наталлі Эйсмант, Дзмітрыя Шакуты, Дзмітрыя Баскава, Дзмітрыя Балабы, многіх іншых і высветліў, што смяротныя траўмы Раману нанёс баец СОБРа.
BYPOL расследаваў катаванні ў Фрунзенскім РУУС і апублікаваў імёны 48 сілавікоў, якія да іх датычныя.
Ініцыятыва высветліла, хто распарадзіўся змяшчаць пратэстоўцаў ва ўмовы ШІЗА і да бамжоў.
А таксама апублікаваў доказы праслушкі ўсіх сілавікоў (КДБ, Пракуратуры, СК, ГУБАЗіК і МУС) ад радавых участковых да «найлепшых людзей» сілавікоў – такіх, як Балаба (камандзір АМАПа) і Кубракоў (міністр унутраных спраў).
BYPOL публікуе і самі размовы сілавікоў, якія, часам, атрымліваюць шырокі грамадскі рэзананс. Так, у пачатку года быў зліты запіс, дзе меркаваны Карпянкоў (намеснік міністра ўнутраных спраў) кажа пра будаўніцтва лагераў для пратэстоўцаў, у сакавіку – меркаванага Караева (былы міністр унутраных спраў), які называе беларускі народ тупаватым, недалёкім і рэкамендуе забіваць тых, хто ўяўляе пагрозу для сілавікоў: «Усё кідайце, знаходзьце гэтую пачвару і забівайце!» – кажа Караеў.
Акрамя таго, BYPOL злівае ў сетку рэзанансныя відэа з рэгістратараў сілавікоў. На адным з іх АМАПаўцы смяюцца з Лукашэнкі, які выйшаў да пратэстоўцаў з аўтаматам.