Сёння была апублікавана пастанова Саўміна №1072, якая зацвярджае Праграму развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гг, звярнула ўвагу «Еўрарадые».
Дакумент на 123 старонкі сканцэнтраваны на мэтах павышэння зарплат у рэгіёне, рэканструкцыі і будаўніцтве паліклінік, дарог і прадпрыемстваў. На што выдзеляць 6,867 млрд рублёў ($2,1 млрд), а ахопіць праграма Ганцавіцкі, Лунінецкі, Столінскі, Пінскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі і Петрыкаўскі раёны краіны.
Аднак ніжэй ужо аб тым, якім чынам хочуць дабіцца павышэння фінансавых паказчыкаў.
Па-першае, акрамя будаўніцтва новых кароўнікаў і рэканструкцыі ферм, хочуць нарошчваць здабычу прыродных выкапняў: калійнай солі, бурага вугалю, гаручых сланцаў, нафты (гаворка пра 8 радовішчаў), торфу, гліны, гіпсу, мелу і г.д.
Па-другое, дакумент прадугледжвае працяг асушэння ўнікальных балот на поўдні Беларусі. Так за наступныя 5 гадоў плануецца пабудаваць і рэканструяваць меліярацыйныя сістэмы на плошчы 52 850 Га.
І асушыць 8200 Га высокаўрадлівых зямель на тэрыторыях раёнаў:
- Пінскага (4,7 тыс. Га);
- Столінскага (2,9);
- Лунінецкага (0,6).
А таксама правесці «культуртэхнічную меліярацыю» г.зн. вычысціць тэрыторыі ад дрэў і расліннасці на плошчы 19,77 тыс. га ў Ганцавіцкім, Лунінецкім, Пінскім, Столінскім, Ельскім, Жыткавіцкім, Калінкавіцкім, Лельчыцкім і Петрыкаўскім р-нах.
Адзначым, што толькі на тэрыторыях, дзе прапануецца правесці асушванне (чырвоныя на карце), знаходзяцца дзясяткі беларускіх балот у тым ліку Альманскія, Прастыр і Стары Жадан. Там знаходзяцца сотні чырванакніжных жывёл і раслін, ды і наогул гэта проста ўнікальны для Беларусі (і ўсёй Еўропы) рэгіён, і зыходзячы з гэтага дакумента выходзіць, што ў наступныя 5 гадоў яго прадоўжаць знішчаць.