На русском языке:
В Березино задержали мужчину, который снимал силовиков на камеру – через час его привезли в реанимацию
Праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што 9 сакавіка ў Беразіно быў затрыманы мясцовы жыхар Уладзімір Панцюх за тое, што здымаў на тэлефон, як ДАІшнікі правяралі маршруткі.
«Як толькі супрацоўнікі ўбачылі тэлефон, адразу падбеглі, павалілі мужчыну на зямлю і павезлі яго ў аддзел», – пішуць праваабаронцы.
Паведамляецца, што праз гадзіну пасля затрымання мужчыну прывезлі ў рэанімацыю з сардэчным прыступам і слядамі збіцця.
У дадзены момант Уладзімір знаходзіцца ў шпіталі пад канвоем. У яго 3-я група інваліднасці, 4 перанесеныя інфаркты і 3 аперацыі шунтавання. Версія сілавікоў іншая – нібыта Уладзімір у нецвярозым стане пачаў бойку на вакзале, за што і быў затрыманы.
«Наша Ніва» высветліла, што Уладзімір Панцюх, які трапіў у рэанімацыю пасля затрымання сілавікамі, ваяваў у Афганістане – інфармацыя пра яго змешчаная на сайце Бярэзінскага райвыканкама.
У нататцы пра Уладзіміра Панцюха сказана, што ён нарадзіўся ў 1969 годзе ў вёсцы Віляціна Бярэзінскага раёна. У 1987-м яго прызвалі ў Савецкую армію, а праз год накіравалі ў Афганістан, дзе ён служыў у роце прыкрыцця аэрадрома каля горада Герат. Панцюх атрымаў у Афганістане два раненні і кантузію.
Пасля вяртання з вайны ён некаторы час працаваў кіроўцам на Бярэзінскай ветэрынарнай станцыі, пазней з’ехаў у пасёлак Беларускі каля Ніжнявартаўска ў Сібіры, але ў 1992 годзе вярнуўся на радзіму. Таксама там адзначаецца, што Уладзімір мае жонку і дачку.