На русском языке:
В Иран улетел старейший Boeing «Белавиа», cамолёт Лукашенко находится в Минске
26 сакавіка мы пісалі, што самалёт з авіяпарку Лукашэнкі, Boeing 737-800 з рэгістрацыйным нумарам EW-001PA, які 24 сакавіка трапіў пад санкцыі ЗША, здзейсніў досыць незвычайны палёт. Згодна з публічнымі сэрвісамі адсочвання палётаў, гэты борт узляцеў з Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» 26 сакавіка ў 15:11 і далей пачаліся дзіўныя рэчы. Па-першае, борт вызначыўся пад пазыўным іранскай авіякампаніі Caspian Airlines – IV2703 / CPN2703.
Узлёт самалёта на анлайн-радарах 26 сакавіка 2023 г.
Далей, ужо пралятаючы над Казахстанам, іншыя публічныя анлайн-радары пачалі яго вызначаць як Boeing з рэг. нумарам HZ-ARA з Саудаўскай Аравіі з-за таго, што борт ляцеў з ICAO-кодам гэтай краіны, чаго, натуральна, не магло быць, т.б. саудаўскі боінг HZ-ARA у тыя хвіліны якраз толькі прыляцеў у Рыяд з Куала-Лумпура.
Дайшло да таго, што некаторыя сэрвісы анлайн-радараў, якія адсочвалі гэты палёт, наогул пачалі маляваць вось такі трэк.
Трэк палёту рэйсам IV2703 / CPN2703 26 сакавіка 2023 г.
У Іране самалёт прызямліўся ў 19:48 па мінскім часе ў аэрапорце для ўнутраных рэйсаў ВПС Ірана і ўрадавых бартоў гэтай краіны – Tehran Mehrabad. У той дзень мы памылкова выказалі здагадку, што палёт пад іншым пазыўным і пасадка ў «незвычайным» аэрапорце Ірана могуць сведчыць аб тым, што самалёт Лукашэнкі прададзены, але ўсё аказалася крыху больш складаным.
Праз 3 дні, 29 сакавіка, мы заўважылі, як Boeing 737-800 з рэгістрацыйным нумарам EW-001PA з авіяпарку Лукашэнкі, зноў узляцеў з MSQ і 40 хвілін рабіў тэхнічны палёт.
Самалёт EW-001PA здзяйсняе тэхнічны палёт 29 сакавіка 2023 г.
Тады які самалёт паляцеў у Іран?
Улічваючы, што розныя авіярадары паказвалі розныя самалёты, то хутчэй за ўсё, сам борт нейкім чынам падаваў няправільныя дадзеныя ў палёце ці ж радары прымалі яго за іншы, але па якой прычыне – незразумела.
Апроч рэгістрацыйных нумароў, у самалётаў ёсць таксама індывідуальныя ICAO HEX-коды, па якіх іх таксама можна вызначыць. У самалёта Лукашэнкі Boeing 737-800 (EW-001PA) – гэта 51002B, у палёце радары вызначалі самалёт як Boeing 787-9 Dreamliner (HZ-ARA), у якога HEX-код – 71002A. Атрымліваецца, што розніца ў два сімвалы і ў тэорыі, верагоднасць памылкі ёсць.
Але калі паляцеў не самалёт Лукашэнкі, то нейкі іншы беларускі, і цалкам магчыма, што адзін з тых, што доўгі час не эксплуатаваўся, што безумоўна павялічыў бы верагоднасць памылкі і як аказалася такіх самалётаў – не шмат. Пад нашыя крытэры пошуку падышлі толькі тры самалёты авіякампаніі «Белавія», якія ў апошнія гады не ляталі і скажам так, знаходзіліся ў «падвіслым стане»:
- EW-294PA, які знаходзіцца на захоўванні з 2019 года. HEX-код – 510051;
- EW-290PA, на захоўванні з 2021 года. HEX-код – 51004E;
- EW-250PA, быў прададзены ў 2021 годзе. HEX-код – 51002A.
Параўнаўшы HEX-коды становіцца відавочна, што самым прыдатным варыянтам з’яўляецца Boeing 737-500 (EW-250PA) з кодам 51002A, які ад кода самалёта Лукашэнкі (51002B) адрозніваецца на адзін знак.
EW-250PA авіякампаніі Белавія ў 2019 годзе. / Planespotters
Што характэрна, гэта першы заходні самалёт авіякампаніі Belavia, на дадзены момант яму 27 гадоў. З эксплуатацыі Белавія ён быў выведзены яшчэ летам 2021 года, авіякампанія тады паведаміла, што за 17 гадоў эксплуатацыі (з 2003 года), у Белавія на ім выканалі 17596 рэйсаў.
Дадзеныя эксплуатацыі EW-250PA за 17 гадоў у Белавіі / Белавиа
У тым жа, 2021 годзе, самалёт быў прададзены з аўкцыёну за 3 098 771 рубель 35 капеек (прыкладна $ 1.264 млн. на той момант). Паведамлялася, што ўдзельнікам аўкцыёну стаў адзін чалавек, але дэталі здзелкі, як і хто стаў новым уладальнікам – не раскрываліся.
Такім чынам, атрымліваецца, што пасля продажу самалёт яшчэ 1,5 гады знаходзіўся ў Беларусі і толькі зараз паляцеў да новага ўладальніка ў Іран? У Іране ж борт пакуль больш не паднімаўся ў паветра. Магчыма, зараз ён праходзіць перадпалётную падрыхтоўку ў новага ўладальніка ці ўвогуле пойдзе на запчасткі. Калі ж пачне лятаць, то ў яго зменяцца рэгістрацыйны нумар і ICAO HEX-код, а мы паназіраем і раскажам вам.
Таксама варта адзначыць, што заўтра Лукашэнка адправіцца да Пуціна і ў такія паездкі ён часам лятае менавіта на падсанкцыйным борце (EW-001PA). Вось і паглядзім.