На русском языке:
В школах и ВУЗах продолжаются запугивания и пошла политическая пропаганда перед выборами-2024
На мінулым тыдні ў беларускіх ВНУ зафіксавана ўзмацненне палітрапаганды з мэтай агітацыі студэнтаў да ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2024 г. Нагадаем, што выбары ў т.зв. Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны прайсці праз 3 месяцы – 25 лютага 2024 года.
Нам вядома, што агітацыйныя мерапрыемствы ўжо пачаліся ў БелДУТ, МДПУ, ГрДУ, БДУ, Акадэміі МУС, Магілёўскім медкаледжы і Акадэміі кіравання. Са студэнтамі былі праведзены інфармацыйныя сустрэчы, семінары і дыялогавыя пляцоўкі.
Закранула гэта і саміх выкладчыкаў. Напрыклад, рэктар БДУ Андрэй Кароль на сустрэчы з выкладчыкамі геафака заявіў, што куратары навучальных груп павінны штодня размаўляць са студэнтамі, абмяркоўваць важнасць удзелу ў выбарах, праявы сваёй грамадзянскай пазіцыі, растлумачваць ключавыя моманты, звязаныя з гэтай падзеяй.
Разам з тым не спыняецца і запалохванне студэнтаў, педагогаў і нават школьнікаў адказнасцю за ўдзел у «экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці». Так студэнтаў БрДУ вадзілі ў СК Брэсцкай вобласці, дзе расказвалі пра павагу да дзяржсімволікі і недапушчэнне «дзейнасці экстрэмісцкага характару».
Пра адказнасць за «экстрэмізм» таксама расказвалі і навучэнцам Гомельскага педкаледжа, студэнтам ВДАВМ, педагогам Барысаўскага каледжа, моладзі Нараўлянскага раёна і навучэнцам СШ №16 г.Мінска.
Гэтыя меры наўпрост сведчаць аб тым, што «ўлады» баяцца паўтарэння пратэстаў 2020 г. і спрабуюць запалохваць моладзь з мэтай недапушчэння ў іх апазіцыйных настрояў. Усё паказвае на тое, што з набліжэннем лютага 2024 г. запалохванні, агітацыя і апрацоўка студэнтаў і школьнікаў будзе ўзмацняцца.
І так, іх дзеянні дэманструюць і яшчэ адзін факт: першачарговая задача ўстаноў адукацыі ў сучаснай Беларусі – гэта не клопат аб якасці ведаў вучняў, а іх ідэалагічнае выхаванне.