У Судане знішчаны беларускі самалёт кампаніі Belcanto Airlines

MAXAR
10 хв.

На русском языке: В Судане уничтожен беларусский самолёт компании Belcanto Airlines

Гаворка вядзецца пра борт Іл-76ТД з рэг. нумарам EW-576TH беларускай грузавой авіякампаніі Belcanto Airlines.

На спадарожнікавых здымках кампаніі Maxar ад 17 красавіка, якія былі зроблены ў аэрапорце Хартум (сталіца Судана) бачна, што знішчана не менш за 7 самалётаў. Па дадзеных Максар, усяго знішчана мінімум 14 самалётаў.

Па нашых дадзеных, адзін з іх – цалкам знішчаны беларускі самалёт, які прыляцеў туды яшчэ 13 красавіка.

Яго апошні палёт адлюстраваны на сэрвісе па адсочванні палётаў FlightRadar24. У 14:28 па UTC (17:28 па мінскім часе) 13 красавіка борт вылецеў з Амана, Іарданія і накіраваўся ў аэрапорт г. Хартум (сталіца Судана). Аднак нам вядома, што і ў Аман ён прыляцеў з Судана. Гэта сведчыць аб тым, што ў Судане борт быў і да 13 красавіка, а дакладней мінімум з 22 сакавіка.

У Судане знішчаны беларускі самалёт кампаніі Belcanto Airlines

Палёт самалёта EW-576TH 13 красавіка / FlightRadar24

Што адбываецца ў Судане?

Як паведамляе BBC, у Судане ўжо некалькі дзён ідуць баі паміж суданскім войскам і ваенізаванымі Сіламі хуткай падтрымкі. Як мінімум з 15 красавіка вёўся і абстрэл аэрапорта ў Хартуме, выданне Avianews пісала, што ў выніку абстрэлу аэрапорта быў пашкоджаны адзін з самалётаў украінскай авіякампаніі SkyUp.

Пазней, 17 красавіка, выданне New York Times паведаміла, што ўкраінскі самалёт згарэў. Журналісты ідэнтыфікавалі мінімум 20 самалётаў, знішчаных ці моцна пашкоджаных у аэрапорце пасля пачатку канфлікту ў суботу. Таксама адзначалася, што ў панядзелак ваенныя самалёты працягвалі абстрэльваць галоўны аэрапорт Хартума, паколькі вайсковыя групоўкі спрабуюць усталяваць кантроль над крытычнай інфраструктурай у сталіцы Судана.

Што адбылося з беларускім самалётам?

Як мы напісалі вышэй, самалёт Belcanto Airlines прыляцеў у Судан 13 красавіка. Аднак, пасля гэтага, адзін з супрацоўнікаў грузавой авіякампаніі Аляксандр Машкала рэпостнуў у сацсетках свой пост, дзе паведаміў, што пачынаючы з 23 сакавіка авіякампанія прапануе свае паслугі з вылетам з Судана. Гэта азначае, што EW-576TH знаходзіўся ў Судане мінімум з 22 сакавіка, а ў Аман ён лётаў рэйсам з Судана і назад.

«Іл76 у наяўнасці! Belcanto Airlines IL76 (EW-576TH) даступны ў Хартуме, Судан. Наш аддзел продажаў будзе рады даць вам аператыўны адказ на вашыя запыты цэнавых прапаноў», – пісаў Машкала.

У Судане знішчаны беларускі самалёт кампаніі Belcanto Airlines

Фота EW-576TH да знішчэння. Месца здымкі – невядома. / Аляксандр Машкала

Судзячы па фатаграфіях, зробленым ужо кампаніяй Planet Labs па стане на 16 красавіка беларускі самалёт яшчэ быў цэлы, аднак 17-га красавіка ўжо быў знішчаны.

У Судане знішчаны беларускі самалёт кампаніі Belcanto Airlines

Самалёт Іл-76ТД (EW-576TH) на фота 16 і 17 красавіка (па цэнтры знізу) / BBC

Акрамя таго, выданне Зеркало піша, што ў экіпажы самалёта знаходзіліся 7 грамадзян Беларусі, паводле наяўнай інфармацыі, яны знаходзяцца ў бяспецы і на сувязі з МЗС РБ.

Папярэдні матэрыял
На тэрыторыю амбасады РБ у Вільні кінулі лампаду: узнік пажар
Наступны матэрыял
Тактычнае вучэнне праводзіцца з 15-й зенітнай ракетнай брыгадай

Iншыя матэрыялы