На русском языке:
Впервые с ноября 2022 в районе «Площадки 400. Купол» замечена активность вертолёта
Паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», сёння ў 09:08 з аэрадрома Мачулішчы ўзляцеў верталёт Мі-8 ВПС РБ, які ў 09:18 прызямліўся ў Волме (пад Мінскам) на тэрыторыі так званай «Пляцоўкі 400. Купал».
Нагадаем, што 10 сакавіка 2022 года, на 14 дзень вайны, мы апублікавалі матэрыял, дзе ўпершыню распавялі, што каля Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» можа знаходзіцца камандны цэнтр беларускай групоўкі ВС РФ – так званая «Пляцоўка 400. Купал».
На гэтай тэрыторыі прынамсі з пачатку сакавіка працавала сістэма радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), якая выклікала моцныя перашкоды навігацыйных сістэм GPS/GLONASS. Не выключана, што сродкі РЭБ служылі для прыкрыцця/абароны каманднага пункта.
Дык вось, да гэтага, апошні раз верталёт на Купал прылятаў 3 лістапада 2022 года. І яшчэ адзін момант: сёння Мі-8 ВПС РБ прабыў там усяго 2 хвіліны. Гэта можа казаць, што ён кагосьці туды прывёз і высадзіў ці забраў. Адразу пасля гэтага верталёт накіраваўся на аэрадром Вялікі Бакоў (Мазыр), куды ў 09:50 з Мачулішчаў вылецелі яшчэ два Мі-8 ВПС РБ.
Не выключана, што сённяшнія палёты могуць быць звязаныя з пачаткам штабной трэніроўкі Абʼяднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў.
Таксама нагадаем, што ў мінулым годзе мы ўстанавілі, што GPS-перашкоды, якія зыходзілі ад РЭБ на Купале – былі самым сапраўдным прадвеснікам вайны.