Ва Украіне ў баях пад Бахмутам загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава. За дзень да гэтага ёй споўнілася 24 гады.
Вы маглі бачыць ейнае фота — яна была параненая 9 жніўня 2020 каля стэлы.
Цяжкае раненне прывяло да таго, што яна доўгі час была ў рэанімацыі. Лячэнне заняло шмат часу. Далечвалася Марыя ў Чэхіі, адкуль у Беларусь ужо не вярнулася — гэта было небяспечна праз рэпрэсіі. Так дзяўчына апынулася ў эміграцыі.
Пра свой стан здароўя яна казала ў інтэрв’ю выданню «Штодзень»:
«Я нядаўна рабіла даследаванне, у мяне гематома ў мозгу засталася з таго часу. Яна ўплывае на маю памяць, гэта не вельмі моцна перашкаджае мне жыць. Я магу, напрыклад, забыць, што я рабіла ўчора раніцай ці што ела ўвечары. Не столькі моцна гэта псуе якасць жыцця, але ў цэлым непрыемна. Я ўсё яшчэ глухая на адно вуха».
Пасля нападу Расеі на Украіну Марыя далучылася да абаронцаў Украіны, піша «Наша Ніва».